А. Лукашэнка: Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Архангельскай вобласці трэба пашыраць

30 марта 2015

Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Архангельскай вобласці трэба пашыраць. Пра гэта сёння заявіў Кіраўнік дзяржавы на сустрэчы з губернатарам расійскага рэгіёна. Ігар Арлоў упершыню ў Мінску. І як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, гэта сустрэча павінна надаць імпульс развіццю міжрэгіянальнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. Апошнія гады тавараабарот нашай краіны і Архангельскай вобласці ўстойліва расце. Год таму нагандлявалі больш як на 200 мільёнаў долараў. У аснове беларускага экспарту - прадукты харчавання і грузавыя аўтамабілі. У зваротным кірунку атрымліваем сырую нафту і паперу.

Па выніках візіту бакі падпішуць пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Расійскі рэгіён зацікаўлены ў куплі беларускіх кар'ерных самазвалаў для працы на алмазных рудніках Архангельскай вобласці, тэхнікі для лесапрамысловага комплексу, а таксама аўтобусаў МАЗ для абнаўлення парку гарадскога транспарту. Таксама бакі гатовы супрацоўнічаць у будаўніцтве і сельскай гаспадарцы.