А.Лукашэнка: Тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі павінны быць пад'ёмнымі для народа

20 октября 2017

Пра гэта заявіў Прэзідэнт на рэспубліканскім семінары па ўдасканаленні ЖКГ. Як палепшыць сістэму жыллёва-камунальнай гаспдаркі - абмяркоўвалі ў Палацы Незалежнасці. Там сабралася больш за 250 чалавек - гэта службовыя асобы, кіраўнікі дзяржорганаў і арганізацый, прадстаўнікі мясцовых улад. Гэта тэма заўсёды хвалюе людзей. Яе абмеркаванне наспела. На думку Кіраўніка дзяржавы, вырашэнне камунальных праблем павінна быць заўсёды ў топе прыярытэтаў для кіраўнікоў рэгіёнаў. У галіне зроблена нямала ў плане зніжэння сабекошту, павышэння якасці паслуг і развіцця тэхналогій. Згодна з апытаннямі, 66 % насельніцтва станоўча ацэньваюць працу камунальных службаў. Але амаль траціна апытаных дае негатыўную ацэнку. І пакуль у адрас сістэмы ЖКГ чутна крытыка, супакойвацца рана. Найбольшае хваляванне ў людзей выклікае кошт паслуг.

Да 2020 года стаіць задача - адысці ад перакрыжаванага субсідзіравання. Зрабіць гэта трэба за кошт павышэння эфектыўнасці працы галіны. Выступаючы на семінары, Прэзідэнт спыніўся на вострых пытаннях камунальнай сферы. Гэта і праблемы капрамонтаў, якасць вады, абыходжанне з адходамі, пошук рэзерваў для зніжэння выдаткаў на цеплазабеспячэнне. Як аказалася, рэальна скараціць іх на 20 %. Гэта ўжо пралічылі ў Мінжылкамгасе. Аляксандр Лукашэнка зазначыў, што не можа дапусціць бескантрольнага стану спраў у гэтай жыццёва важнай галіне. Структура ЖКГ Беларусі павінна быць адзіная і кіруемая.

Размова аб сістэме ЖКГ атрымалася вельмі канкрэтнай. Гэта быў сапраўдны мазгавы штурм. Кіраўнік дзяржавы заклікаў удзельнікаў семінара да актыўнай працы па навядзенні парадку ў жыллёва-камунальнай сферы. Усё, што абмяркоўвалася сёння, Прэзідэнт даручыў давесці да кожнага работніка галіны. Усе падрабязнасці вялікай размовы аб ЖКГ - вечарам у "Панараме".