А. Лукашэнка: Расія для Беларусі была і застаецца не проста стратэгічным партнёрам, а брацкай дзяржавай

17 ноября 2016

Расія для Беларусі была і застаецца не проста стратэгічным партнёрам, а брацкай дзяржавай. Сёння аб гэтым заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі ў Палацы Незалежнасці для расійскіх рэгіянальных СМІ.

Пагутарыць з беларускім лідарам напрамую сёлета змаглі каля ста рэпарцёраў і блогераў. Найважнейшым кірункам інтэграцыі Аляксандр Лукашэнка назваў супрацоўніцтва на рэгіянальным узроўні. Штогод да нас прыязджаюць дзясяткі дэлегацый з усёй Расіі. І ў якасці прыкладу Прэзідэнт прывёў "Форум рэгіёнаў". У чэрвені ў Мінску быў падпісаны рэкордны аб'ём кантрактаў - на 300 мільёнаў долараў. І беларуска-расійскія адносіны маюць магчымасць выйсці на якасна новы ўзровень, у тым ліку, у Саюзнай дзяржаве, АДКБ і ЕАЭС. Беларусь выконвае ўсе дамоўленасці ў рамках гэтых структур.

Эканамічны блок пытанняў быў самым вялікім. Пыталіся ў беларускага лідара пра кааперацыю, гандль, нафтагазавую сферу. Аляксандр Лукашэнка распавёў, што прапаноўваў суседцы ўдзельнічаць у прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў у абмен на акцыі "Башнафты". Але адказу дагэтуль няма. Прэзідэнт адзначыў, што Расія сёння не зацікаўленая ў допуску нашай краіны да нафтараспрацовак на сваёй тэрыторыі. Пры гэтым падкрэсліў, што ўплываць на Беларусь з дапамогай нафтагазавых пытанняў - няправільна. Расіяне цікавіліся і меркаваннем Прэзідэнта па пытаннях рэгіянальнай бяспекі і канфліктнай сітуацыі ва Украіне.

Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў тэмы захавання памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, гістарычных каранёў дружбы беларускага і расійскага народаў. Таксама Кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанні асабістага характару: аб спартыўных і літаратурных прыхільнасцях і сваёй малой радзіме.

Шматлікія пытанні тычыліся сацыяльнага развіцця Беларусі, работы ЖКГ, адукацыйнай сферы, развіцця турызму, перспектыў касмічнай сферы і атамнай энергетыкі. Сёння з расійскімі журналістамі Аляксандр Лукашэнка меў зносіны амаль 6 гадзін. Было зададзена больш за 30 пытанняў.