А. Лукашэнка даручыў зняць спрэчныя пытанні ў праекце Канстытуцыі на працягу месяца

29 сентября 2021

Варыянт праекта абноўленай Канстытуцыі напярэдадні абмеркавалі ў Палацы Незалежнасці.

Канстытуцыйная камісія прадставіла Прэзідэнту папярэднія вынікі паўгадавой працы. Нагадаем, з вясны амаль 40 экспертаў займаліся распрацоўкай прапаноў у Асноўны закон. За плечамі суаўтараў аналіз сусветнага вопыту дзяржаўнага будаўніцтва, вывучэнне актуальных тэндэнцый развіцця канстытуцыйнага заканадаўства. У выніку прапанавана змяніць 53 артыкулы Канстытуцыі. Пры гэтым дадаць 14 новых і яшчэ 3 выключыць. Абноўлены Асноўны закон захоўвае прэзідэнцкую форму кіравання, але пры гэтым удакладняе паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы, урады і парламента, усталёўвае канстытуцыйны статус Усебеларускага народнага збору, захоўвае пераемнасць сацыяльнай палітыкі. Прэзідэнт упэўнены: новая Канстытуцыя павінна служыць беларускаму народу - для гэтага і ўдасканальваюць Асноўны закон краіны. А ўсіх, хто прымае ўдзел у распрацоўцы дакумента, Аляксандр Лукашэнка заклікаў падумаць аб сваіх дзецях: ім жыць па новых законах! Але канчатковае рашэнне будзе прымаць народ - рэферэндум адбудзецца не пазней за люты будучага года.

Спрэчнымі застаюцца некалькі блокаў пытанняў - гэта склад і фарміраванне Усебеларускага народнага сходу, выкарыстанне смяротнага пакарання (для гэтага плануецца правесці спецыяльны рэферэндум) і права працоўных калектываў вылучаць кандыдатаў у дэпутаты. Зняць усе спрэчкі Прэзідэнт даручыў на працягу месяца. Для гэтага будзе створаная спецыяльная група, якая праект Асноўнага закону дапрацуе. Прымаць удзел у яе працы будзе і Канстытуцыйная камісія. Толькі пасля Канстытуцыю чакае ўсенароднае абмеркаванне. На кожную літару галоўнага закону паглядзяць і юрысты. А затым галасаваць за змяненні будуць беларусы на рэферэндуме.