А.Лукашэнка: Педагог - гэта надзейнае апірышча суверэннай дзяржавы

29 августа 2017

Педагог - гэта надзейнае апірышча суверэннай дзяржавы. Пра гэта сёння заявіў Аляксандр Лукашэнка, калі ўручаў дзяржаўныя ўзнагароды працаўнікам сферы адукацыі. Перад пачаткам новага навучальнага года ў сталіцу запрасілі сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы, каб годна адзначыць іх працу. Ганаровыя госці сталі ўладальнікамі медалёў "За працоўныя заслугі", таксама папоўніліся шэрагі заслужаных настаўнікаў і працаўнікоў сферы адукацыі. Цікава, што большасць з удзельнікаў сённяшняй урачыстасці - самыя звычайныя педагогі. Для якіх візіт у Палац Незалежнасці стаў па-сапраўднаму вялікай падзеяй. А некаторыя з настаўнікаў ужо бачыліся з Прэзідэнтам, прычым зусім нядаўна. Аляксей Марцінёнак - пра падрабязнасці цырымоніі.

Менш за тыдзень прайшло пасля вялікага Рэспубліканскага педсавета. І вось некаторыя з яго ўдзельнікаў атрымалі новую магчымасць пагутарыць з Прэзідэнтам. Гэтым разам падстава ўрачыстая. Лепшых з лепшых сустракалі ў Палацы Незалежнасці для таго, каб уручыць сумленна заслужаныя ўзнагароды.

Яшчэ да пачатку ўрачыстай цырымоніі госці змаглі ацаніць прыгажосць гэтага легендарнага будынка. Кіраўнік дзяржавы спецыяльна загадаў арганізаваць экскурсію. Тут цікава ўсё: і зала, дзе праходзілі перамовы "нармандскай чацвёркі", і месца сустрэчы замежных дэлегацый. Далей - спецыяльныя памяшканні для нарад і перамоў у вузкім коле. А гэты кут некаторыя і самі пазналі: тут Кіраўнік дзяржавы запісваў навагодні зварот.

Але ўсё ж сёння на парадку дня - новы навучальны год. Ледзь адцягваючыся ад навакольнай прыгажосці, госці працягвалі абмяркоўваць прафесійныя тэмы. Як далей будзе развівацца адукацыя? Чым сёння зацікавіць вучня і як прышчапіць любоў да ведаў?

Большасць узнагароджаных - прадстаўнікі рэгіёнаў. Прафесар або просты настаўнік, усе яны робяць адну агульную справу - выхоўваюць будучыя кадры. Для гэтага неабходна і самому быць не проста прафесіяналам, але і настаўнікам і тонкім псіхолагам. Бо можна цікава падаць і цяжкі матэрыял, нават калі твой профіль - тэхналогіі бетону.

У Брэсцкім тэхнічным універсітэце народжана нямала ідэй для будаўнічай галіны. У гэтай ВНУ рыхтуюць інжынераў, архітэктараў, праграмістаў. Прафесар Віктар Тур працуе тут ужо 35 гадоў. Спецыялізуецца на вывучэнні жалезабетонных канструкцый. Чалавек, які ведае пра бетон усё і нават больш, упэўнены: у ВНУ трэба ісці мэтанакіравана, з жаданнем стаць спецыялістам.

Віктар Тур, загкафедры тэхналогіі бетону і будаўнічых матэрыялаў БрДТУ: "Большасць еўрапейскіх і сусветных універсітэтаў акцэнтуюць сваю ўвагу на практычным навучанні. Глыбокая тэарэтычная падрыхтоўка павінна падмацоўвацца практычнымі ведамі, практычнай падрыхтоўкай. І, пэўна, для шэрагу навучальных устаноў гэтая практычная частка павінна быць вызначальнай".

Віктар Тур і яшчэ 36 спецыялістаў з усёй краіны сёння ганаровыя госці ў Зале дзяржаўных узнагарод. Прызнанне на самым высокім узроўні зусім не лішні раз нагадвае і даказвае, наколькі важная для дзяржавы якасная праца педагога.

Сёння 19 чалавек сталі ўладальнікамі медалёў "За працоўныя заслугі", папоўніліся і шэрагі заслужаных настаўнікаў, працаўнікоў сферы адукацыі і органаў унутраных спраў. Таксама былі аб'яўленыя падзякі. Большасць з удзельнікаў сённяшняй урачыстасці - самыя звычайныя педагогі. Некаторыя з іх, адолеўшы сціпласць, прасілі слова.

І для Прэзідэнта гэтая сустрэча таксама асаблівая. Лепшых у гэтай зале ўшаноўваюць далёка не першы раз. А вось каб увесь так званы ўзнагародны дзень быў прысвечаны менавіта працаўнікам сферы адукацыі, такога яшчэ не было. 

Быць педагогам - гэта прызванне, якое дадзена не кожнаму. Настаўнік ва ўніверсітэце - гэта той, хто фарміруе маладога спецыяліста, можна сказаць, закладвае аснову для будучага прафесіянала. І тут студэнты спрабуюць пераймаць сваіх выкладчыкаў, гэтак жа як дзеці давяраюць сваім выхавальнікам і школьным настаўнікам, часта дзеляцца з імі сваімі перажываннямі і жыццёвымі складанасцямі. Прэзідэнт зрабіў акцэнт як раз на працы такіх спецыялістаў.

Заўсёды і ўсюды быць лідарам, быць першай - не проста крэда, але і пэўны абавязак Наталіі Бушной. Яшчэ б - яна дырэктар сталічнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны - самай першай гімназіі ў Беларусі. Гэты статус установа носіць ужо 27 гадоў. Як не заставацца на месцы і заўсёды рухацца толькі наперад? Адказы на гэтыя пытанні Наталія Бушная шукала на нядаўнім педагагічным форуме.

Педагагічны стаж самой Наталіі Уладзіміраўны - амаль 30 гадоў. За гэты час утварыўся і свой эксклюзіўны прафесійны багаж. Кандыдат педагагічных навук, выдатнік адукацыі Беларусі і СНД, жанчына года.

І вось такая, кажучы мовай матэматыкі, экспанента дасягнула яшчэ адной вышыні - заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь. Ганаровае званне - з аднаго боку прэстыж, з другога - адказнасць.

Асобная размова аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У гэтай сферы Беларусь трымае стабільна высокую планку. І тут адзін з галоўных крытэрыяў ацэнкі - запатрабаванасць нашых ведаў, па якія ўжо даўно мэтанакіравана едуць нават з далёкага замежжа.

Гэты год ужо стаў не толькі плённым, але і ўнікальным для яшчэ аднаго настаўніка. Дырэктар дзіцячага лагера "Зубронак" Надзея Ануфрыева сёння стала заслужаным работнікам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У легендарным "Зубронку" гэтым летам не змаўкалі дзіцячыя галасы. Кіраўнік прызнаецца, што сама яшчэ ў дзяцінстве зразумела, што хоча прысвяціць усё сваё жыццё зносінам з дзецьмі. Гэтай высакароднай місіі і сёння прысвячае ўвесь свой час. А слоган "Кожнае дзіця хоча ў "Зубронак", дарэчы, таксама менавіта пры ёй стаў інтэрнацыянальным. Тут ужо паспелі адпачыць і набрацца сіл дзеці са шматлікіх краін свету. А літаральна напярэдадні закончылася змена асаблівых гасцей з Сірыі. Дзеці засталіся пад такім уражаннем, што не жадалі расставацца з гасцінным летнім цэнтрам.

Уручэнне дзяржаўных узнагарод - дакладна вызначаная пратаколам цырымонія. Але нават у такой строгай праграме можна было заўважыць незвычайныя нюансы. Вось просты настаўнік сярэдняй школы завёў гутарку з Прэзідэнтам. Аб чым - мы пацікавіліся ўжо пасля афіцыйнай часткі.

У зале ў гонар узнагароджаных па традыцыі ўзнімаюць бакал шампанскага. Такое сімвалічнае завяршэнне сустрэчы, поўнай пазітыўных момантаў, а таксама чаканняў, бо зусім хутка, праз два дні, пачнецца новы навучальны год. І сённяшнія героі, якіх бачыць уся краіна, і тыя, хто штодня плячо ў плячо з імі працуе, зноў выйдуць на сваю перадавую, каб падарыць веды новым пакаленням.