А. Лукашэнка: Парламент павінен прадстаўляць усе пласты грамадства

16 сентября 2019

Аб рабоце  парламентарыяў сёння ішла размова  на сустрэчы Прэзідэнта са спікерам Уладзімірам Андрэйчанкам.  Дзеючы састаў  Палаты прадстаўнікоў  завяршае працу.  У кастрычніку адкрыецца фінальная сесія для шостага  склікання дэпутатаў.  Цяперашніх народных выбраннікаў  Аляксандр Лукашэнка заклікаў паскорыць работу  над важнымі фінансавымі дакументамі для краіны.  Як раз зараз у профільных камісіях - на разглядзе бюджэтны пакет.  Па меркаванні Прэзідэнта, парламент адыгрывае  вялікую ролю для стабільнасці грамадства. Размова   ішла і аб будучым парламенце.  На 17  лістапада назначаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў.  І добра, калі ў новым складзе будуць прадстаўленыя ўсе пласты беларускага грамадства.  Чаму гэта важна,  спытаем у нашага аглядальніка Наталлі Брэвус.

Парламенцкая гонка набірае абароты. Як раз зараз у разгары вылучэнне кандыдатаў. Тых, хто рыхтуецца пазмагацца за дэпутацкі мандат, але галоўнае - за давер людзей. Пры гэтым жыццё цяперашніх парламентарыяў таксама кіпіць. Развітальная восень дзеючага саставу Палаты прадстаўнікоў будзе дзейснай. 

Лагічна, што завяршыць сваю працу цяперашні састаў  дэпутатаў хоча добра, падчысціўшы ўсе хвасты і не пакінуўшы груз сырых  законапраектаў для новых дэпутатаў. Таму да фінальнай сесіі, якая адкрыецца 2 кастрычніка, рыхтуюцца. Зараз у пастаянных камісіях знаходзіцца на разглядзе 60 пытанняў. Асаблівая ўвага пакету фінансавых дакументаў - гэта прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступны  год і бюджэт-2020. Аляксандр Лукашэнка не выпадкова гаворыць, што тут бы нядрэнна паскорыцца. 

"Ёсць за што  сказаць дзякуй" - прыкладна так растлумачыць беларускі лідар сваё жаданне сустрэцца з цяперашнім скліканнем дэпутатаў ужо пасля заканчэння  іх працы. Не выпадкова. Канструктыўны і адэкватны парламент сёння на вагу золата.

У шматлікіх краінах заканадаўчая пляцоўка становіцца полем бою і арэнай для дэманстрацыі палітычных амбіцый. Гэта мы бачым у нашых суседзяў - хапае такога і ў Радзе, і ў Думе.

Авальная зала - у першую чаргу застаецца месцам для заканатворчасці і разумных дыскусій. 

Парламент - гэта сур'ёзная школа. За час кадэнцыі прыходзіцца ўнікаць у хітраспляценні і нюансы розных сфер нашага жыцця. Такіх прафесіяналаў нельга страціць. І тыя, хто захоча яшчэ папрацаваць на карысць краіны,  павінны знайсці сабе  прымяненне, напрыклад, у дзяржорганах, лічыць Прэзідэнт. Добра, калі захаваецца пераемнасць і частка цяперашніх дэпутатаў застанецца ў парламенце. Іх вопыт будзе толькі дарэчы  навічкам. Па словах спікера, прыкладна траціна народных выбраннікаў ужо выказалі жаданне зноў пазмагацца за дэпутацкі мандат.

Якім будзе беларускі парламент сёмага склікання, пакуль гаварыць рана. Але тое, што беларускія выбаршчыкі не баяцца аддаваць свае галасы за жанчын, гэта  дакладна. Пакуль еўрапейкі змагаюцца  за гендарную роўнасць (у некаторых дзяржавах ЕС доля жанчын у парламентах  меншая за 20 %), у нас прыкладна траціна дэпутатаў прыгожай паловы. А наогул цяперашні склад Палаты прадстаўнікоў - і жанчыны, і мужчыны - сур'ёзна папрацаваў на ўмацаванне заканадаўчай базы і міжнароднага аўтарытэту Беларусі.

Уладзімір Андрэйчанка, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу  Беларусі: "236 законаў,  прынятыя цяперашнім складам, падпісаны Прэзідэнтам".

Акрамя таго, праведзена значная работа на міжнароднай арэне. Чаго вартае правядзенне ў Мінску 26-й сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, прывёў  прыклад старшыня Палаты прадстаўнікоў. 

Уладзімір Андрэйчанка, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: "Мы ўмацавалі свае пазіцыі ў ПА АБСЕ. За апошнія тры гады супраць Беларусі не было прынята ніводнай рэзалюцыі. А дэпутаты Палаты прадстаўнікоў падрыхтавалі тры рэзалюцыі, якія былі прынятыя ПА АБСЕ". 

Пашырылася таксама ўзаемадзеянне з парламентарыямі Швейцарыі, Польшчы, Чэхіі. Беларускі парламент вядомы, аўтарытэтны, з намі раяцца, нас нармальна ўспрымаюць.

Такое рэнамэ - эфектыўнага заканадаўчага органа для краіны і надзейнага партнёра па дыялогу на сусветнай арэне - прыйшлося зарабляць доўгія гады. Гэта было няпроста. Але хочацца верыць, што будучыя дэпутаты не падвядуць. І будуць толькі лепш.