А. Лукашэнка: Мы абавязкова павінны, захаваўшы незалежнасць і суверэнітэт, палепшыць жыццё нашых людзей

15 января 2019

Пачнём з новых прызначэнняў. Сёння Кіраўнік дзяржавы прыняў шэраг важных кадравых рашэнняў. Новыя кіраўнікі з'явіліся ў некаторых ведамствах. Абноўлены склад і мясцовай вертыкалі ўлады ў Ветцы, Нароўлі, Рагачове, Вілейцы, Нясвіжы, Клецку, Пухавічах і ў гарвыканкаме ў Жодзіне. Адразу два новыя намеснікі ў старшыні Мінгарвыканкама. Найбліжэйшыя 2 гады ў краіне насычаны палітычнымі падзеямі. Сур'ёзны іспыт і гэтым летам - Мінск прымае II Еўрапейскія гульні. Значыць, праца па ўсіх франтах чакае маштабная. Асаблівая ўвага і да рэгіёнаў, за ходам спраў Кіраўнік дзяржавы сочыць асабіста. Наведванне паўднёвых абласцей Прэзідэнт анансаваў і сёння. Да ўсіх кіраўнікоў патрабаванні адзіныя - сумленнасць, выканаўчасць і дысцыпліна. Важна чуць людзей. Паказчык выніку - якасць жыцця. І тут спагнанне адпаведнае. Змяненні закранулі і дыпламатычны корпус.

Новыя паслы Беларусі ў Францыі і Літве.

Падрабязнасці кадравага дня ў Наталлі Брэвус.

Кадравы аўторак атрымаўся насычаным. Як вы ведаеце, да такіх рашэнняў - прызначэнню ключавых фігур у мясцовай вертыкалі, урадзе, дыпкорпусе - Прэзідэнт падыходзіць вельмі педантычна. Гэта зусім не тэхнічны момант, а магчымасць скіраваць кіраўнікоў на патрэбны вынік і агучыць меседжы, якія будуць дарэчы для ўсіх.

Як пад лупай - менавіта так прыдзірліва разглядаюць кандыдатаў з кадравага рэестру Прэзідэнта. І нават збіраюць рэкамендацыі калег. Менавіта старшыні райвыканкамаў на перадавой і найбліжэй да людзей. Ад іх кампетэнтнасці і прафесіяналізму шмат у чым залежыць галоўнае - узровень жыцця ў рэгіёнах. Пул кіраўнікоў мясцовай вертыкалі сёння прыкметна абноўлены. Кіраўнік дзяржавы даў згоду на прызначэнне старшынь райвыканкамаў у Ветцы і Нароўлі - гэта Павел Сілівончык і Руслан Смірноў. Кіраўніком Рагачоўскага раёна будзе працаваць Віталь Сушко. Вілейскі раён узначаліў Алег Бегунец, а Нясвіжскі - Аляксандр Ломскі. На пасаду старшыні Клецкага райвыканкама ўзгоднены Анатоль Ладыга. На чале Пухавіцкага раёна зараз будзе працаваць Віктар Каляда.

Адразу два новыя намеснікі ў старшыні Мінгарвыканкама. Гэта Аляксандр Дараховіч і Арцём Цуран. Для іх гэтае павышэнне. Абодвум каля 40, г.з. маладыя і актыўныя. Абодва зарэкамендавалі сябе прафесіяналамі, нягледзячы на ўзрост, узначальваючы раёны сталіцы. Задачы для кіраўніцтва Мінска былі вызначаны ў канцы мінулага года на сустрэчы з актывам горада. Галоўнае - зрабіць горад утульным і зручным для жыцця. Гэта не так проста, усё ж амаль 2-мільённы мегаполіс. Тады былі названы і топ-задачы - ад разумнага выкарыстання прасторы сталіцы, паляпшэння транспартнай сістэмы да камфорту гасцей і кожнага жыхара.

І гэта таксама ў спісе прыярытэтаў нядаўна прызначанага граданачальніка і яго каманды. Сталіцы патрэбен новы імпульс. Тым больш напярэдадні маштабных Еўрапейскіх гульняў і палітычных кампаній. Мінск павінен развівацца з апярэджаннем, ствараючы свой непаўторны вобраз еўрапейскай сталіцы. Без рацыянальнага падыходу ў арганізацыі гарадской гаспадаркі нікуды. Аляксандр Дараховіч будзе курыраваць сферу ЖКГ, а Арцём Цуран зоймецца сацыялкай.

У зоне ўвагі не толькі сталіца, але і ўвесь цэнтральны рэгіён. Гэтая блізкасць да цэнтра адразу вялікая і карысць, і пакаранне. Горад "высмоктвае" кадры. Але нават насуперак гэтаму Міншчына доўгія гады ўтрымлівае статус самага хлебароднага рэгіёна Беларусі. Па вытворчасці сметанковага  масла гэта лідар краіны. Кожны пяты прамысловы тавар вырабляецца менавіта ў Мінскай вобласці.

Адказнасць за карупцыю будзе строгай. Нават суперпрафесіяналам такія злоўжыванні ўладай і даверам не сыдуць з рук.

Менавіта такія карупцыйныя парушэнні сталі прычынай затрымання кіраўнікоў Пухавіцкага раёна і Жодзіна. Новаму кіраўніку гэтага горада не прыйдзецца доўга ўнікаць у праблемы - тут нарадзіўся і вырас. Людзі яго ведаюць, таму прыйдзецца трымаць высокую планку. Мае намер у першую чаргу звярнуць увагу на грамадскі транспарт і медыцыну. Тут засяроджаны і сур'ёзны прамысловы кластар. Праўда, калі раней у якасці дэпутата Дзмітрыю Заблоцкаму даводзілася задаваць пытанні, зараз прыйдзецца яшчэ і шукаць адказы, у тым ліку і на тое, як прасоўваць прадукцыю мясцовых заводаў.

Прэзідэнт адзначыў, што нямала зроблена ў абнаўленні  паўднёвых абласных цэнтраў - Брэста і Гомеля. Асабліва ў сацыяльнай сферы. За вынікі праведзенай работы сур'ёзнае папытанне з кіраўніцтва аблвыканкамаў. Гэта пачуў і новы намеснік у Брэсцкім  Генадзь Барысюк. А вось яго папярэднюю пасаду - кіраўніка Ленінскага раёна - зойме зараз Валянцін Мілашэўскі. Брэст рыхтуецца адзначыць тысячагоддзе - дата абавязвае.

Развіццём Гомельскай вобласці Прэзідэнт пакуль незадаволены. Работа кіраўніцтва гэтага рэгіёна падвергнецца рэвізіі, звернуць увагу і на Магілёўскую вобласць.

Аляксандр  Лукашэнка анансаваў свае паездкі ў гэтыя рэгіёны, каб асабіста ацаніць развіццё.

Вочы і вушы Прэзідэнта ў рэгіёне - гэта яго памочнікі. У Гродзенскай вобласці ў такім статусе будзе працаваць Іван Лаўрыновіч. На яго плечы кладуцца і кадравыя пытанні. Меркаванне памочніка ўлічваецца.

Старшынёй Дзяржстандарта стаў  Валянцінаў Татарыцкі. Роля гэтага камітэта будзе толькі ўзрастаць, таму прынцыповы кіраўнік - гэта тое, што трэба, лічыць Прэзідэнт. Патрабаванні да якасці і бяспекі тавараў, паслуг толькі растуць. Прыйдзецца трымаць марку і Дзяржстандарту. Яшчэ адно важнае прызначэнне. Міністр транспарту і камунікацый  з гэтага часу Аляксей Аўраменка.

"Хутка, зручна, камфортна" - менавіта так можа гучаць слоган Мінтрансу. Будаўніцтва дарог, развіццё інфраструктуры - гэтым будуць займацца і надалей. Трэнд мінулага года - рост грузаперавозак. Зарабіць на іх плануюць яшчэ больш, тым больш калі новыя магчымасці адкрываюцца ў разрэзе ўдзелу ў кітайскай ініцыятыве. Выціснуць максімум з транзітнага патэнцыялу - чаму не?

Па выніках ратацыі ў дыпкорпусе адразу два новыя паслы. Так, інтарэсы Беларусі ў Літве будзе прадстаўляць Валерый Бараноўскі. А пасольства ў Францыі ўзначаліць Ігар Фісенка. Канструктыўны дыялог і добрыя адносіны гатовы развіваць з усімі дзяржавамі.

Літва на парозе прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Гэта таксама трэба ўлічваць - вось такая палітыка. За эканоміку новы пасол спакойны.

Лічбы па Францыі - 360 мільёнаў долараў. Гэта тавараабарот за мінулы год. Добры зачын, але можна больш. Больш прыцягваць і французскіх інвестыцый у Беларусь. Развіваць перш за ўсё эканамічныя кантакты з Пятай рэспублікай - менавіта на гэта накіроўвае Прэзідэнт.

Кіраўніком дзяржавы ўзгоднена прызначэнне рэктара Беларуска-расійскага ўніверсітэта. Узначаліць гэтую магілёўскую ВНУ Міхаіл Лусцянкоў.

Ва ўніверсітэце вучацца амаль 5 тысяч беларускіх і каля паўтысячы расійскіх студэнтаў. Зайшла размова наконт інстытуцкіх  і школьных праграм. Іх трэба рэанімаваць, эмацыянальна выказаўся Аляксандр  Лукашэнка і выразна даў зразумець: за адукацыю ўзяліся сур'ёзна.

Невыпадкова  магутны акцэнт робіць Прэзідэнт на падрыхтоўцы спецыялістаў. Добрыя  праграмы ў школах і ВНУ на выхадзе дазволяць атрымліваць не "паўфабрыкат", а амаль высокакваліфікаваныя кадры. Бо, як гавораць, прыйшла эра прафесіяналаў, калі кожны павінен быць асам у сваёй справе.

Прэзідэнт узгадніў прызначэнне Алены Пермінавай намеснікам міністра эканомікі, а Руслана Шкодзіна - членам Віцебскага аблвыканкама.