А.Лукашэнка: Мінск разлічвае на пачатак самага актыўнага дыялогу з Варшавай

5 декабря 2016

Мінск разлічвае на пачатак самага актыўнага дыялогу з Варшавай. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з маршалам сената Польшчы Станіславам Карчэўскім. Сёння Польшча - трэці партнёр Беларусі па тавараабароце і ўваходзіць у дзясятку краін-інвестараў у нашу эканоміку. За 9 месяцаў 2016 года дзяржавы нагандлявалі на суму паўтара мільярда долараў. У нашай краіне дзейнічаюць звыш 350 прадпрыемстваў з польскім капіталам. І хоць у апошні час паміж дзяржавамі актывізаваўся дыялог, палітычныя адносіны яшчэ трэба падняць да ўзроўню эканамічных.

Станіслаў Карчэўскі, маршал сената Польшчы: "Я прыехаў у Беларусь наўпрост з горада Пшэмысль, дзе праходзіла сустрэча спікераў парламентаў краін Вышаградскай групы. Для таго каб паспець на сённяшнюю сустрэчу, на самалёт, я павінен быў раней пайсці. Але ўсе мне пажадалі добрага шляху і папрасілі перадаць самыя лепшыя пажаданні Беларусі. Я гэтым самым хацеў бы падкрэсліць вагу нашай сённяшняй сустрэчы. Нядаўна я таксама сустракаўся са старшынёй парламента Швецыі, ён таксама прасіў перадаць самыя лепшыя прывітанні і пажаданні для Беларусі".

У праграме госця з Варшавы значацца дэталёвыя перамовы з кіраўніком Савета Рэспублікі і спікерам Палаты прадстаўнікоў. Польскія парламентарыі таксама наведаюць Акадэмію навук Беларусі.