А.Лукашэнка: "Казахстан - стратэгічны і важны партнёр для Беларусі"

2 ноября 2018

Вынікі глабальнай размовы пра знешнія выклікі і пагрозы, а таксама новыя магчымыя праекты па лініі Мінск - Астана ўчора Прэзідэнт Беларусі абмеркаваў і з кіраўніком казахстанскай дэлегацыі - старшынёй сената парламента. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, Казахстан для нас - стратэгічны і надзейны партнёр. І нягледзячы на нядрэнны рост нашага тавараабароту (а сёлета дадалі ўжо больш за 40 працэнтаў), патэнцыял супрацоўніцтва значна вышэйшы. Так, краіны на гэтым тыдні падпісалі пратакол аб стварэнні падкамісіі ў інавацыйнай сферы. Гэта зялёнае святло для больш цеснага супрацоўніцтва.

Безумоўна, абмеркавалі і саму канферэнцыю па бяспецы. Прамова, з якой выступіў Аляксандр Лукашэнка на форуме, не пакінула абыякавымі нават самых вопытных еўрапейскіх палітыкаў і кіраўнікоў дзяржаў, як адзначыў кіраўнік казахстанскай дэлегацыі, "выступленне беларускага лідара было багатае на сур'ёзныя сігналы ў адрас міжнароднай і еўрасупольнасці".

Касым-Жамарт Такаеў, старшыня сената парламента Казахстана: "Яно было адкрытым, дзелавым і, можна сказаць, багатым на вельмі сур'ёзныя сігналы ў адрас міжнароднай і еўрапейскай супольнасці. Мяркую, што Ваша прамова будзе доўгі час захоўвацца ў аналах Мюнхенскай канферэнцыі, усё ж гэта вельмі аўтарытэтны форум".

Дарэчы, шукаць адказы на складаныя пытанні міжнароднага становішча працягнуць ужо на наступным тыдні. 8 лістапада ў Астане пройдзе саміт Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. На ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў абмяркуюць пытанні рэфармавання гэтай арганізацыі, умацавання яе ролі і вагі на палітычнай арэне.