А.Лукашэнка: Cацыяльная абарона людзей застаецца ў цэнтры ўвагі дзяржавы

22 декабря 2015

Cацыяльная абарона людзей застаецца ў цэнтры ўвагі дзяржавы. Прэзідэнт падкрэсліў гэта на сустрэчы са старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Ардой.

Быў узняты ўвесь спектр пытанняў - ад зарплаты да аказання дапамогі маладым сем'ям. Асобнай тэмай таксама была разгледжана дысцыпліна на прадпрыемствах краіны і фарміраванне прафсаюзных ячэек на прыватных прадпрыемствах.

Гэтыя даручэнні Кіраўнік дзяржавы даваў на з'ездзе ФПБ у маі. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Міхаілу Ардзе за актыўны ўдзел прафсаюзаў у выбарчай кампаніі.

Прэзідэнт падкрэсліў, што задача і органаў дзяржкіравання, і прафсаюзаў - захаванне рабочых месцаў, сацыяльна-прававая абарона работнікаў. Федэрацыя прафсаюзаў унесла прапанову аб стварэнні кампенсацыйнага фонду. Ён стане падушкай бяспекі для работнікаў прадпрыемстваў, што знаходзяцца пад санацыяй. З гэтага фонду будуць выплачваць кампенсацыі ў выпадку, калі на прадпрыемстве няма чаго прадаваць і няма фінансавых сродкаў для выплат. Акрамя таго, Федэрацыя прафсаюзаў прапануе максімальна пашырыць рынак страхавых паслуг на выпадак беспрацоўя.

Прэзідэнт таксама паінфармаваны наконт сітуацыі на самым старым прадпрыемстве краіны - магілёўскім заводзе "Строммашына". Тут назапасілася вялікая колькасць даўгоў, што не дае прадпрыемству выйсці на бясстратную вытворчасць.

Гаворка ішла таксама наконт сітуацыі на шэрагу іншых прадпрыемстваў. Прэзідэнт даў адпаведныя даручэнні, якія Федэрацыя прафсаюзаў будзе выконваць сумесна з урадам. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў усе ініцыятывы Федэрацыі прафсаюзаў.