А. Лукашэнка: Беларуская армія павінна развівацца ў нагу з часам

3 ноября 2015

Беларуская армія павінна развівацца ў нагу з часам і ствараць больш сучасную ракетную тэхніку.

Пра сітуацыю ў ваеннай сферы ішла гутарка сёння ў Дзяржынскім раёне. Кіраўнік дзяржавы наведаў завод дакладнай электрамеханікі, дзе Прэзідэнту было дакладзена пра выкананне яго даручэнняў па стварэнні ракетнай сістэмы залпавага агню далёкасцю дзвесце кіламетраў. У Беларусі ёсць узбраенні, але пры гэтым ставілася задача распрацаваць сваю ракетную тэхніку, адзначыў Прэзідэнт. На гэты конт магчымыя здагадкі, Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў: стварэнне комплексу ракетабудавання - выключна абарончая тактыка. Усе падрабязнасці - у рэпартажы Вольгі Макей.

Завод дакладнай электрамеханікі - прадпрыемства спецыфічнае: уваходзіць у склад ваенна-прамысловага камітэта. Ужо шэсць гадоў тут распрацоўваюць прадукт ваеннага прызначэння. Мадэрнізацыя ўзбраення і тэхнікі - таксама вотчына гэтых спецыялістаў. Акрамя таго, праводзяць тут і навуковыя даследаванні па стварэнні зброі і боепрыпасаў. Доступ на тэрыторыю вытворчага комплексу за паўсотню кіламетраў ад Мінска - толькі ў людзей у пагонах (так трэба, ваенная таямніца). Тым не менш для журналістаў, якія тут упершыню, сёння прыадкрылі армейскае закуліссе.

Фактычна Прэзідэнт сёння тут з інспекцыяй, каб праверыць, як выконваецца даручэнне па стварэнні сучаснай вытворчасці абарончай зброі. Перш за ўсё пытанні гаспадарчыя: на тэрыторыі павінен быць ідэальны парадак, нагадвае Аляксандр Лукашэнка і цікавіцца прызначэннем кожнага з аб'ектаў. Калісьці ў гэтых месцах нават захоўваліся ядзерныя боегалоўкі. Зараз тут сучасная ваенная вытворчасць. Кіраўніку дзяржавы ў падрабязнасцях распавядаюць пра кірункі, якія плануюць развіваць. Адзін з іх - выраб ракет рэактыўнай сістэмы залпавага агню.

Прэзідэнту дэманструюць кадры першых выпрабаванняў беларускіх комплексаў "Паланез". Яны прайшлі на кітайскім палігоне. Праводзіць тэст-драйв такіх машын у Беларусі складана: далёкасць ракет больш за 200 кіламетраў.

Дарэчы, пускавыя кантэйнеры (гэта тое, у што "апранутая" ракета) раней закуплялі за мяжой, зараз наладзілі ўласную вытворчасць. Эканомія - удвая. Аляксандр Лукашэнка як галоўнакамандуючы беларускімі Узброенымі Сіламі дэталёва цікавіцца і начыннем рэактыўнай сістэмы. Першы блок - цалкам айчыннай вытворчасці.

Як праходзіць зборка і якім чынам выпрабоўваюць ракеты - пра ўсё гэта дэталёва распавялі Прэзідэнту. У цэху - і навігацыйныя сістэмы для тэхнікі, якія вырабляе прыватная кампанія. Такі прыклад, калі дзяржава і прыватная ініцыятыва ідуць поплеч, Аляксандр Лукашэнка падтрымаў.

А гэта той самы грозны "Паланез", які ўпершыню беларускія вайскоўцы паказалі на парадзе 9 мая ў Мінску. Як гавораць людзі ў пагонах, нягледзячы на габарыты - а важыць устаноўка амаль 46 тон, - кіруецца яна лёгка. Да поўнай боегатоўнасці неабходна ўсяго 10 хвілін. А запуск ракет ажыццяўляецца ўсяго адной кнопкай гэтага маленькага чамадана. Досыць павярнуць ключ.

Пасля націску кнопкі ракета ўзлятае праз шэсць секунд. Машына можа працаваць абсалютна аўтаномна. Разлік з трох чалавек атрымлівае каардынаты цэлі і ўводзіць іх у камп'ютар.

Для баявой машыны "Паланез" лічба 8 стала ключавой. Па-першае, рэактыўная сістэма залпавага агню ўсталяваная на шасі формулай 8 на 8. Вытворчасць Мінскага завода колавых цягачоў. Па-другое, пускавая ўстаноўка - васьмізарадная. Гэта значыць адначасова "Паланез" можа нанесці паасобныя ўдары па васьмі цэлях на далёкасці больш за 200 кіламетраў. Як гавораць спецыялісты, у дакладнасці, манеўранасці і далёкасці гэтая машына не мае аналагаў у СНД.

Расійскія сістэмы "Смерч", "Ураган" і "Тарнада" зараз засталіся ззаду, тлумачаць вайскоўцы. У планах - машыну дапрацаваць, каб павялічыць далёкасць.

Працу рэактыўнай сістэмы залпавага агню забяспечваюць дзве машыны. Гэта, прасцей гаворачы, пункт кіравання. Адна яна можа каардынаваць увесь дывізіён. Звышдакладныя камп'ютары здольныя адначасова навесці сотню цэляў. Працаваць такая машына можа нават у руху. Пра гэта Прэзідэнту распавядае самы малады галоўны інжынер.

А гэта - транспартна-зараджальная машына. Яна прызначаная для перавозкі і ўстаноўкі боекамплектаў. Зарадзіць "Паланез" яна здольная за 20 хвілін.

Вайскоўцы не будуць стаяць на месцы: ужо прадумваюць, як неўзабаве ўдасканаліць магутны комплекс. Хутка "Паланез" загучыць грамчэй.

Сяргей Гурулёў, старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі: "Вось вам "Паланез", які паступае на ўзбраенне ў нашу армію. Пастаўлена задача больш дасканалыя комплексы ў 16-17 годзе паставіць, і мы бяромся. І далёкасць, і магутнасць. Гэта будзе ўжо іншы дывізіён".

Тут жа Прэзідэнту паказваюць і прыладу для выпрабавання ракетных рухавікоў. Датчыкі фіксуюць неабходныя для спецыялістаў параметры. Па вопыт у выпуску найважнейшых частак ракеты беларускія вытворцы ездзілі ў Турцыю, Сербію і Кітай. Ёсць магчымасць выпускаць свае.

Вайскоўцы дзеляцца, што ў свеце попыт на зброю, на жаль, расце. І як бы цынічна ні гучала, існуе рынак, і Беларусь у ім удзельнічае. Таму і ў гэтай справе важна трымаць марку. Зрэшты, куды важнейшая нацыянальная бяспека. І, як не раз сёння падкрэслівалася, наша краіна прытрымліваецца выключна абарончай стратэгіі. А ў Мінска, як вядома, на геапалітычнай карце планеты выключна мірная пазіцыя.

Так часта бывае, што з прадпрыемстваў Прэзідэнта не адпускаюць з пустымі рукамі. Вядома, гэты завод з прадукцыяй спецыфічнай. Таму і на памяць пра наведванне сувенір асаблівы, які сімвалізуе першы пуск ракеты.