А. Лукашэнка: Беларусі на фоне знешніх падзей неабходна захаваць мір і спакой

18 июля 2016

Беларусі на фоне знешніх падзей неабходна захаваць мір і спакой. Гэта заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са Старшынёй Камітэта дзяржбяспекі Валерыем Вакульчыкам. Сітуацыя ў свеце, асабліва апошнімі днямі, напружаная. Інфармацыйныя стужкі стракацяць паведамленнямі аб тэрактах і сутыкненнях. З улікам такой сітуацыі размова ішла наконт пытанняў бяспекі.

На сустрэчы таксама абмяркоўвалі пытанні крымінальных спраў асаблівай важнасці, якія знаходзяцца на кантролі і расследаванні ў КДБ. А вось фінансавая тэма ўзнімалася ўжо на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй праўлення Банка развіцця. Сяргей Румас далажыў Аляксандру Лукашэнку аб планах структуры на 2016-2020 гады. Стратэгію Банка развіцця на найбліжэйшыя 5 гадоў Прэзідэнт падтрымаў. У прыватнасці, размова ішла пра новыя функцыі, якія будуць у Банка развіцця. Яны звязаныя з роляй структуры, якая нарастае ў эканоміцы Беларусі. Новыя падыходы і прапановы будуць унесеныя ў праект стратэгіі, якую ўжо ў чацвер разгледзяць на пасяджэнні наглядальнага савета Банка развіцця. Прэзідэнт пацікавіўся і грамадскімі праектамі, якія курыруе фінансавая структура.

Прэзідэнт сёння таксама даручыў Банку развіцця больш актыўна падтрымліваць малы і сярэдні бізнес. Гэтая функцыя фінансавай структуры таксама будзе адлюстраваная ў стратэгіі развіцця на 2016-2020 гады. Падрабязнасці сустрэчы ў нашых наступных выпусках.