А.Лукашэнка: Беларусі і Кітаю неабходна больш цесна супрацоўнічаць у праваахоўнай сферы

10 апреля 2017

Больш цесна і больш актыўна супрацоўнічаць у праваахоўнай сферы неабходна Беларусі і Кітаю, - аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрам грамадскай бяспекі Кітая Го Шэнкунем. Беларусі, у прыватнасці, можа спатрэбіцца вопыт падрыхтоўкі і гарантавання бяспекі маштабных спартыўных спаборніцтваў напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў: нагадаем, Кітай у 2008 прымаў Алімпіяду. Акрамя таго, неабходна сумесна змагацца з новымі выклікамі і праблемамі, такімі як экстрэмізм, сепаратызм, тэрарызм. Не меней актуальныя і пытанні барацьбы з кіберзлачыннасцю.

Го Шэнкунь, член Дзяржсавета, міністр грамадскай бяспекі Кітая: "Перш за ўсё дазвольце перадаць Вам шчырае прывітанне і добрыя пажаданні Старшыні КНР Сі Цзіньпіна. Я таксама хацеў бы засведчыць Вам сваю глыбокую пашану. Вы мудры і вопытны ў пытаннях палітыкі і кіравання дзяржавай лідар. Пад Вашым кіраўніцтвам у краіне развіваецца эканоміка, у грамадстве стабільнасць, а дабрабыт народа расце. Як сябры і партнёры мы рады гэтаму. Асновай добрых кантактаў паміж Беларуссю і КНР сталі пастаянныя сустрэчы на вышэйшым узроўні і трывалая асабістая дружба паміж Вамі, спадар Прэзідэнт, і лідарам Кітая Сі Цзіньпінам".

Мінск і Пекін маюць намер таксама актывізаваць супрацоўніцтва ў барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. З візітам у нашу краіну прыбыў і генеральны пракурор Кітая Цаа Цзяньмін. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што паміж краінамі наладжаны адносіны не толькі на вышэйшым узроўні, але і міжведамасныя сувязі - у прыватнасці, паміж генпракуратурамі. І краіны маюць намер дзяліцца вопытам.

Цаа Цзяньмін, член ЦК Кампартыі, генеральны пракурор Вярхоўнай народнай пракуратуры Кітая:

"Падчас гэтага візіту мы дамовіліся з генпракурорам і надалей умацоўваць міжведамаснае супрацоўніцтва, у тым ліку для пашырэння двухбаковага стратэгічнага партнёрства паміж краінамі. Мы бачым, што ўсе 25 гадоў з моманту ўсталявання дыпламатычных адносін нашы ўзаемаадносіны развіваюцца стабільна і толькі ўмацоўваюцца. Гэтае супрацоўніцтва накіравана на паляпшэнне дабрабыту народаў дзвюх краін".

Візіты гасцей з Кітая напярэдані сустрэчы на вышэйшым узроўні ў маі - знакавыя, фактычна, яны з'яўляюцца падрыхтоўкай перамоў кіраўнікоў дзяржаў.

Дыпламатычным адносінам краін - чвэрць стагоддзя, бакі рэгулярна абменьваюцца афіцыйнымі візітамі.

Прэзідэнт Беларусі 9 разоў наведваў Кітай, апошні - у верасні мінулага года. Тады кіраўнікі дзяржаў дамовіліся аб усталяванні новага - асаблівага - узроўню двухбаковых адносін - давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.