А. Лукашэнка: Беларусі і Казахстану патрэбны новы глыток паветра ў развіцці гандлёва-эканамічных адносін

30 мая 2016

Беларусі і Казахстану патрэбны новы глыток паветра ў развіцці гандлёва-эканамічных адносін. Аб гэтым сёння заявіў Аляксандр Лукашэнка ў Астане на сустрэчы з Нурсултанам Назарбаевым. У Казахстан беларускі лідар прыбыў з рабочым візітам. Прэзідэнт таксама адзначыў, што дзвюм краінам неабходна прыняць меры для пераадолення негатыўных тэндэнцый у гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

Перамовы лідараў дзвюх краін прайшлі напярэдадні саміту ЕАЭС, які адбудзецца ўжо заўтра. У палацы Акарда кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі актуальныя пытанні ўзаемадзеяння. Асноўнай тэмай стала эканоміка. Па аб'ектыўных прычынах сумесны тавараабарот знізіўся. У 2015 годзе Беларусь і Казахстан нагандлявалі на 577 мільёнаў долараў, хаця ў лепшыя гады гандаль дасягаў мільярда. Рэспублікі супрацоўнічаюць у многіх сферах - ад сельскай гаспадаркі да касмічных тэхналогій. Створана вялікая колькасць сумесных прадпрыемстваў. Сёння Аляксандр Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў абмеркавалі далейшае ўмацаванне ўзаемавыгадных адносін па ўсіх напрамках.

Заўтра Прэзідэнт Беларусі возьме ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. На парадку дня саміту - паглыбленне эканамічных адносін ЕАЭС з трэцімі краінамі і ключавымі інтэграцыйнымі аб'яднаннямі. Сярод важных для Беларусі пытанняў - канцэпцыі фарміравання ў ЕАЭС агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў. Падрабязнасці сёння ў "Панараме".