А. Лукашэнка: Беларусь з'яўляецца надзейным і адказным партнёрам Кітая

15 мая 2017

На эканамічным форуме ў Пекіне 68 краін падпісалі з Кітаем пагадненні аб супрацоўніцтве ў рамках ініцыятывы "Адзін пояс і адзін шлях". Беларускія прапановы на маштабнай сустрэчы сёння агучыў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар заклікаў сусветную супольнасць выкарыстаць унікальную гістарычную магчымасць для пераходу да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Прэзідэнт адзначыў, што сёння свет у стадыі актыўнага развіцця і глабальных перамен. Змяненні спалучаныя з бесперапыннымі выклікамі і небяспекамі, сярод якіх - тэрарызм, міграцыйны крызіс, а таксама новыя пагрозы бяспецы. Часта супярэчнасці вырашаюцца з прымяненнем зброі. Менавіта таму так важна выкарыстаць гістарычную магчымасць для змянення мадэлі ўзаемадзеяння паміж дзяржавамі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь з'яўляецца надзейным і адказным партнёрам Кітая.

Георгій Грыц, намеснік дырэктара Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі:

"Беларусь не проста з'яўляецца транзітам, дзе будзе цягнік праходзіць або самалёты пралятаць, а менавіта з пункта погляду хабаў - навукова-тэхнічных, вытворчых, складскіх. Фарміраванне гэтага ланцужка для Кітая дазваляе ўхіліць выдаткі па лагістыцы, таму што Кітай знаходзіцца на іншым канцы Землі ў дачыненні да той жа Еўропы. Таму гэта новая стратэгія, і Беларусі даецца проста гістарычны шанц упісацца ў гэтую стратэгію, дзе геапалітычныя гульцы фарміруюць сёння светагаспадарчы парадак XXI стагоддзя".

Аляксандр Лукашэнка - асаблівы госць форуму. Беларусь першая ў Еўропе і адна з першых у свеце падтрымала і ўжо пачала будаўніцтва эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Разам з Кітаем у нас узводзіцца індустрыяльны парк "Вялікі камень". І гэта не толькі інфраструктура і бізнес на дзясяткі мільярдаў долараў, гэта таксама навая прававая база адносін, шмат у чым узорная для свету. Індустрыяльны хаб найбуйнейшы ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Сярод агучаных на форуме беларускіх ініцыятыў сінергія ў сферы навукі, а таксама інфармацыйнай бяспекі.

На палях саміту Аляксандр Лукашэнка правёў шэраг двухбаковых сустрэч. У тым ліку перамовы з Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. Афіцыйная Анкара для нашай краіны партнёр даўні і стратэгічны, а таксама буйны інвестар у дзясятках сумесных праектаў.