А.Лукашэнка: Беларусь і Турцыя здольныя падняцца на новую ступень у развіцці адносін

11 ноября 2016

З аэрапорта картэж высокага госця адправіўся ў Палац Незалежнасці. Турэцкага калегу асабіста сустракаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Гімны дзвюх краін, рота ганаровай варты і ўрачысты марш - абавязковыя атрыбуты афіцыйнага цырыманіялу.

Да гэтай сустрэчы вялікая цікавасць журналістаў, у тым ліку і турэцкіх. Толькі на мерапрыемствы ў Палацы Незалежнасці акрэдытавана каля 200 прадстаўнікоў СМІ. Афіцыйны візіт лідара Турцыі аднадзённы. Таму парадак дня вельмі насычаны, скіраваны на максімальны вынік. Перамовы пачаліся са зносін лідараў сам-насам. Палітычны дыялог і асабістыя адносіны паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Рэджэпам Таіпам Эрдаганам вылучаюцца адкрытасцю. Паміж дзвюма краінамі няма праблемных пытанняў. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Турцыя здольныя падняцца на новую ступень ў развіцці адносін.

Мінская сустрэча - добры шанц сістэматызаваць і прасунуць наперад узаемадзеянне Беларусі і Турцыі ва ўсіх сферах, асабліва ў эканоміцы. За гэты няпоўны год лічба агульнага тавараабароту наблізілася да паўмільярда долараў. Прэзідэнт Турцыі ўпэўнены, што дзяржавам па сілах падвоіць гандаль.

Рэджэп Таіп Эрдаган, Прэзідэнт Турцыі:

"Я шчаслівы, што, нягледзячы на спазненні, гэты першы візіт у Беларусь адбыўся. І я рады, што менавіта Турцыя з'яўляецца першай дзяржавай, якая прызнала незалежнасць Беларусі. Існуе шмат сфер, дзе мы можам працаваць разам. Насельніцтва ў вас каля 10 мільёнаў, у нас каля 80. Таму ўзровень тавараабароту мы можам падняць да адзнакі 1 мільярд долараў. Адносіны нашых краін развіваюцца ў станоўчым ключы. Турцыя і Беларусь - блізкія адна адной краіны".