А.Лукашэнка: Беларусь і Расія з развалам СССР страцілі сістэму, роўнай якой не было ў свеце

19 июля 2016

Беларусь і Расія з развалам СССР страцілі сістэму, роўнай якой не было ў свеце. Пра гэта Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы са старшынёй фракцыі Кампартыі Расіі ў Дзярждуме Генадзем Зюганавым.

Палітыкі абмеркавалі ўвесь спектр двухбаковых адносін. Амаль адначасова ў Беларусі і Расіі пройдуць парламенцкія выбары. У сярэдзіне верасня стане вядомы новы склад. На выбары КПРФ ідзе з праграмай "10 крокаў да годнага жыцця". Сярод асноўных пунктаў новая індустрыялізацыя і ўзмацненне ролі дзяржавы ў эканоміцы. Нямала раздзелаў прысвечаныя цеснай інтэграцыі ў кантэксце Саюзнай дзяржавы. Прэзідэнт Беларусі пажадаў лідару КПРФ поспехаў на парламенцкіх выбарах.

Генадзь Зюганаў, старшыня фракцыі КПРФ у Дзяржаўнай думе:

"Першым чынам, хачу падзякаваць. Я заўсёды ў Беларусь прыязджаю як на другую радзіму. Я зараз праехаў па горадзе. Мінск выглядае цудоўна, чыста, утульна, радасна, светла, цудоўная архітэктура. Можна па вуліцы гуляць у любы час сутак і пачувацца ўпэўнена і годна. Вы абсалютна правы. Сістэму трэба было захоўваць і прымнажаць. Кааператыўныя краіны ўзмацняць. У вас у рэспубліцы неверагодны машынабудаўнічы комплекс, а таксама надаюць шмат увагі развіццю сельскай гаспадаркі. Я быў на ўсіх вашых буйных прадпрыемствах. Ваш МАЗ стандарту Еўра-6 падобны да касмічнага карабля, адна з лепшых машын. Вашы трэйлеры, якія возяць нашы "Таполі", мы сёння ўжо не зробім, а вы дапамагаеце нам умацаваць абарону. Мы разам вырашаем гэтыя задачы. Дарэчы сказаць, калі б мы дапаўнялі адно аднаго і адначасова менш таргаваліся вакол цаны то на нафту, то на газ, то на мяса, то на малако, а думалі пра эфектыўную кааперацыю, мы б былі канкурэнтныя з кім заўгодна. Прычым наша прадукцыя была б не горшая і на траціну таннейшая за еўрапейскую, і мы б не аддалі свае рынкі нікому. А так, увогуле, усё зробім, каб наша Саюзная дзяржава развівалася ўпэўнена".

КПРФ і асабіста Генадзь Зюганаў заўсёды займалі канструктыўную пазіцыю ў дачыненні да Беларусі, нямала было зроблена і для развіцця двухбаковага ўзаемадзеяння. За значны ўклад ва ўмацаванне дружалюбных адносін і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй, станаўленне Саюзнай дзяржавы, развіццё эканамічных, навукова-тэхнічных і культурных сувязяў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў Генадзя Зюганава ордэнам "Дружбы народаў".

Генадзь Зюганаў, старшыня фракцыі КПРФ у Дзяржаўнай думе:

"Для мяне ёсць некалькі найвышэйшых каштоўнасцяў у жыцці: першым чынам гэта справядлівасць, сяброўства народаў, гуманізм і пачуццё любові да Радзімы. Я лічу, што беларуская зямля з'яўляецца захавальніцай лепшых гэтых якасцяў".

Сустрэча ў Палацы Незалежнасці доўжылася каля дзвюх гадзін. У тым ліку палітыкі абмяняліся меркаваннямі наконт міжнароднага парадку дня.