А. Лукашэнка: Беларусь і Еўрасаюз пераадолелі рознагалоссі і знаходзяцца на шляху вырашэння двухбаковых праблем

9 марта 2016

Беларусь і Еўрасаюз пераадолелі рознагалоссі і знаходзяцца на шляху вырашэння двухбаковых праблем. Пра гэта сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са спецыяльным прадстаўніком ЕС па правах чалавека. Такая пасада ў Еўрасаюзе ўведзена ў 2012 годзе, першым гэту пасаду заняў Стаўрас Ламбрынідыс. У мінулым ён быў віцэ-прэзідэнтам Еўрапарламента і міністрам замежных спраў Грэцыі. На перамовах з госцем з Бруселя Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што наша краіна выступае за пастаянны дыялог з Еўрапейскім саюзам у галіне правоў чалавека. Беларусь не крытыкуе Еўропу за яе разуменне гэтай сферы, але мае па дадзеным пытанні ўласную пазіцыю.

Сустрэча Прэзідэнта Беларусі і галоўнага спецыяліста ЕС па правах чалавека доўжылася каля дзвюх гадзін. Канструктыўны дыялог закрануў шырокі спектр тэм - ад гуманітарнай сферы і да гандлю і інвестыцый. Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што па меры развіцця эканамічнага ўзаемадзеяння могуць быць вырашаны іншыя пытанні, у тым ліку і правоў чалавека.

Спецпрадстаўнік ЕС таксама правядзе асобныя сустрэчы ў парламенце і міністэрствах Беларусі. Акрамя таго, заўтра Стаўрас Ламбрынідыс прыме ўдзел у міжнароднай канферэнцыі, якую арганізуе місія ААН у нашай краіне сумесна з МЗС Беларусі і ў партнёрстве з еўрапейскімі дзяржавамі.