А.Лукашэнка: Беларусь павінна пераадолець негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы і выйсці на ўстойлівыя тэмпы развіцця

7 октября 2016

Беларусь павінна пераадолець негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы і выйсці на ўстойлівыя тэмпы развіцця. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў звароце да парламентарыяў. У Авальнай зале ўпершыню сабраліся разам пятае і шостае скліканне Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.

У Доме ўрада ў гэтыя хвіліны працуе наш карэспандэнт Аляксей Адашкін (прамое ўключэнне).

Дабры дзень! Максімальна маштабная размова ў Авальнай зале - так можна апісаць тое найважнейшае палітычнае мерапрыемства, якое ў гэтыя хвіліны праходзіць у будынку парламента. Упершыню ў гісторыі Беларусі Прэзідэнт сустракаецца і са складам Палаты прадстаўнікоў, які сыходзіць, і з новым, шостым скліканнем. Кіраўнік дзяржавы звярнуўся не толькі да дэпутатаў, сенатараў, але і да шматлікіх запрошаных асоб. Сярод іх - прадстаўнікі ўрада, органаў улады, дыпламатычнага корпуса і духавенства. У зале прысутнічае каля чатырох сотняў чалавек.

Крыху менш за месяц прайшло з моманту выбараў у парламент. Яны прайшлі з вельмі высокім конкурсам - на адно крэсла дэпутата прэтэндавалі больш за чатыры чалавекі. 27 заканадаўцаў захавалі свае мандаты. Гэта дазваляе гаварыць пра пераемнасць на такой адказнай для дзяржавы працы. Электаральная кампанія праходзіла пад пільнай увагай шматлікіх назіральнікаў. Беларусь атрымала магчымасць паказаць сусветным экспертам празрыстасць нашай выбарчай сістэмы. Прапануем паслухаць, як сёння ацаніў выбары ў парламент Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

Дэпутаты папярэдняга, пятага склікання, прынялі больш як 400 законаў, нямала зрабілі для забеспячэння макраэканамічнай стабільнасці, умацавання фінансавай і банкаўскай сістэм. Вялікая роля народных выбраннікаў пятага склікання і ў фарміраванні прававой базы ЕАЭС. Сёння пры перадачы сімвалічнай эстафеты ад аднаго складу парламента да другога - добрая магчымасць пагаварыць пра маючую працу. У цяперашніх умовах на першы план стала выходзіць знешнепалітычная дзейнасць, дзе Беларусь мае прыкметныя поспехі.

Манетызіраваць дасягненні ў знешняй палітыцы - гэта асноўная задача ўсіх галін улады, у тым ліку і заканадаўчай. Дэпутатам шостага склікання трэба будзе стварыць якасную прававую базу для рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2020 года. Размова ідзе пра стратэгічны дзяржаўны праект. Стаўка робіцца на інвестыцыі, занятасць, экспарт, інфарматызацыю і моладзь.

Сёння ў Авальнай зале адбудзецца і ўрачыстая цырымонія ўручэння дзяржаўных узнагарод. Медалі і ордэны з рук Прэзідэнта атрымаюць тыя з парламентарыяў, хто адзначыўся найбольш эфектыўнай працай у сферы заканатворчасці. Мы працягваем сачыць за падзеямі тут, у Доме ўрада.