А.Лукашэнка: Беларусь будзе пераймаць перадавы вопыт Расіі ў адукацыі

15 февраля 2019

Беларусь будзе пераймаць перадавы вопыт Расіі ў адукацыі, ён у тым ліку будзе выкарыстоўвацца пры развіцці нацыянальнай сістэмы падрыхтоўкі перспектыўных кадраў. Пра гэта Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

Гэты дзень у Сочы прысвечаны гуманітарнаму супрацоўніцтву дзвюх краін. Абмеркаванне пытанняў з гэтай сферы праходзіць на базе адукацыйнага цэнтра "Сірыус". Навучанне там праводзяць адразу па трох кірунках - навука, спорт, мастацтва. Кожны месяц у цэнтр прыязджаюць каля васьмі сотняў юных талентаў. Спартыўныя навыкі дзеці адточваюць на алімпійскіх аб'ектах, а з будучымі навукоўцамі займаюцца лепшыя выкладчыкі краіны. Такі вопыт нам цікавы, улічваючы, што свой дзіцячы тэхнапарк створаць і ў Беларусі. 

Кіраўнікі дзяржаў разам агледзелі комплекс, пагутарылі з яго выхаванцамі, сярод якіх ёсць і таленавітыя дзеці з Беларусі. Дарэчы, школьнікі і педагогі нашай краіны не раз прымалі ўдзел у адукацыйных праграмах цэнтра "Сірыус" і ў праграмах павышэння кваліфікацыі. У лютым двое студэнтаў - грамадзяне Беларусі Ілья Пчалінцаў і Андрэй Чавусаў - прынялі ўдзел у першым спецыялізаваным практыкуме-акселератары, арганізаваным "Яндэксам" і "Сірыусам". Свае распрацоўкі хлопцы сёння прэзентавалі двум лідарам. Пасля кіраўнікі дзяржаў правялі рабочую сустрэчу з удзелам профільных міністраў, якія курыруюць культуру, адукацыю і спорт, дзе вызначылі перспектыўныя нішы супрацоўніцтва ў гэтых сферах.

Па выніках сустрэчы кіраўнікі дзяржаў не абдзялілі ўвагай прэсу. Прычым не толькі зрабілі ўласцівую такому фармату "пратакольную заяву для СМІ", але і адказалі на пытанні журналістаў. У Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна на працягу трох дзён былі шчыльныя кантакты, абмяркоўваліся не толькі эканамічныя пытанні, шырокі парадак дня саюзнай інтэграцыі. Вядома, вялікая частка гэтага абмеркавання праходзіла за зачыненымі дзвярамі і без тэлекамер. Таму дэталямі перамоў і праблемных пытанняў лідары падзяліліся з журналістамі.