А.Лукашэнка: Беларусь будзе пераймаць перадавы вопыт Расіі ў адукацыі

15 февраля 2019

Беларусь будзе пераймаць перадавы вопыт Расіі ў адукацыі, у тым ліку ў развіцці нацыянальнай сістэмы падрыхтоўкі перспектыўных кадраў. Пра гэта Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

Гэты дзень у Сочы прысвечаны гуманітарнаму супрацоўніцтву дзвюх краін. Абмеркаванне пытанняў з гэтай сферы праходзіць на базе адукацыйнага цэнтра "Сірыус". Навучанне там праводзяць адразу па трох кірунках - навука, спорт, мастацтва. Кожны месяц у цэнтр прыязджаюць каля васьмі сотняў юных талентаў. Спартыўныя навыкі дзеці адточваюць на алімпійскіх аб'ектах, а з будучымі навукоўцамі займаюцца лепшыя выкладчыкі краіны. Такі вопыт нам цікавы, улічваючы, што свой дзіцячы тэхнапарк створаць і ў Беларусі. Кіраўнікі дзяржаў разам агледзелі комплекс, пагутарылі з яго выхаванцамі, сярод якіх ёсць і таленавітыя дзеці з Беларусі. Дарэчы, школьнікі і педагогі нашай краіны не раз бралі ўдзел у адукацыйных праграмах цэнтра "Сірыус" і ў праграмах павышэння кваліфікацыі. У лютым двое студэнтаў - грамадзяне Беларусі Ілья Пчалінцаў і Андрэй Чавусаў - прынялі ўдзел у першым спецыялізаваным практыкуме-акселератары, арганізаваным "Яндэксам" і "Сірыусам". Свае распрацоўкі хлопцы сёння прэзентавалі двум лідарам. Пасля кіраўнікі дзяржаў правялі рабочую сустрэчу з удзелам профільных міністраў, якія курыруюць культуру, адукацыю і спорт, дзе вызначылі перспектыўныя нішы супрацоўніцтва ў гэтых сферах.

Па выніках сустрэчы кіраўнікі дзяржаў пагаварылі з прэсай. Прычым не толькі зрабілі ўласцівую такому фармату "пратакольную заяву для СМІ", але і адказалі на пытанні журналістаў. У Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна на працягу трох дзён былі шчыльныя кантакты, абмяркоўваліся як эканамічныя пытанні, так і шырокі парадак дня саюзнай інтэграцыі. Вядома, вялікая частка гэтага абмеркавання праходзіла за зачыненымі дзвярамі і без тэлекамер. Таму дэталямі перамоў лідары падзяліліся з журналістамі.

 У Прэзідэнта Беларусі яны пацікавіліся напрамую, ці гучала тэма падатковага манеўру падчас сустрэчы з Уладзімірам Пуціным.

Пасля нарады ў адукацыйным цэнтры "Сірыус" прэзідэнты Беларусі і Расіі адправіліся на сочынскую арэну "Шайба", каб узяць удзел у хакейным матчы. Аляксандр Лукашэнка з сынам Мікалаем, а таксама шэраг іншых гульцоў выйшлі на лёд раней за Уладзіміра Пуціна і каля паўгадзіны каталіся і адпрацоўвалі кідкі па варотах. Лідары дзвюх краін выступалі за каманду "Тыграў", іх сапернікамі была каманда пад назвай "Мядзведзі". Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін гулялі пад першым і адзінаццатым нумарамі адпаведна. Матч працягваўся тры перыяды па 15 хвілін, у выніку "Тыгры" перамаглі з разгромным лікам 16:1. Як Уладзімір Пуцін, так і Аляксандр і Мікалай Лукашэнкі вылучыліся закінутымі шайбамі, прычым у шэрагу выпадкаў узяцце варот завяршалася камбінацыяй менавіта ў звязцы: Пуцін - Лукашэнка - Лукашэнка.

Да пачатку гульні, пасля размінкі, а таксама падчас перапынкаў прэзідэнты размаўлялі між сабою і з іншымі ўдзельнікамі матча, гасцямі. За гульнёй назіралі журналісты, якія асвятляюць сочынскую сустрэчу кіраўнікоў дзяржаў. Нагадаем, прэзідэнты Беларусі і Расіі ўжо не першы раз разам гуляюць у хакей. У студзені 2014 года таксама ў Сочы яны выйшлі на лёд у адной камандзе супраць знакамітых хакеістаў і чыноўнікаў.