А. Лукашэнка: Больш актыўна падтрымліваць малы і сярэдні бізнес

18 июля 2016

Больш актыўна падтрымліваць малы і сярэдні бізнес. Такое даручэнне сёння даў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, калі прымаў з дакладам старшыню праўлення Банка развіцця Сяргея Румаса. Кіраўніку дзяржавы далажылі пра павелічэнне колькасці прадуктаў для гэтага сегмента эканомікі, а таксама павелічэнне аб'ёмаў яго падтрымкі.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падтрымаў стратэгію Банка развіцця на 2016-2020 гады. Гэтае пытанне абмяркоўвалася 18 ліпеня на рабочай сустрэчы Кіраўніка дзяржавы са старшынёй праўлення Банка развіцця Сяргеем Румасам.

Адной з тэм дакладу Кіраўніку дзяржавы стала дзейнасць асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола", якую ўзначальвае Сяргей Румас. У тым ліку на рабочай сустрэчы абмяркоўваўся ход рэканструкцыі стадыёна "Дынама", будаўніцтва тэхнічнага цэнтра нацыянальных зборных каманд па футболе і нацыянальнага футбольнага стадыёна. Было адзначана, што стадыён "Дынама" і тэхнічны цэнтр будуць здадзеныя ў тэрмін, а для ўзвядзення нацыянальнага футбольнага стадыёна плануецца закупіць праектна-каштарысную дакументацыю пабудаванага аб'екта, што дазволіць паменшыць кошт праектавання і значна скароціць тэрміны будаўніцтва.

Расказвае Аляксей Адашкін. Новы фанерны завод на ФанДАК быццам адкрыў другое дыханне для 85-гадовага дрэваапрацоўчага прадпрыемства. Старая вытворчасць ужо не адпавядала патрэбнасцям рынку. Нярэдка і зусім стаяла. На мадэрнізацыю - рамонт будынка, набыццё абсталявання - спатрэбілася каля года. Затое абнаўленне дазволіла істотна нарасціць прадукцыйнасць. Аб'яднаць высілкі беларускіх дрэваапрацоўшчыкаў дазволіць холдынг, які зараз ствараецца ў краіне. У яго склад увойдуць 9 прадпрыемстваў. Сярод іх - кампаніі з Віцебска, Гомеля, Магілёва, Рэчыцы і Мазыра.

Гіедрус Каўкас, кіраўнік холдынгу дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў: "Закупка асноўнай сыравіны, матэрыялаў. Мы робім цэнтралізаваную закупку, лагістыку. Мы можам дамовіцца пра лепшыя цэны, аптымізуем лагістыку. Камерцыя сумесная таксама дапамагае. Мы можам кліенту падабраць прадукцыю, дзе яму больш выгадна прадаваць. Аб'ядноўваць інвестыцыі ў прасоўванні рынку, маркетынгу і гэтак далей".

Кіруючай кампаніяй дрэваапрацоўчага холдынгу фактычна будзе Банк развіцця. Гэтая фінансавая арганізацыя возьме пад кантроль бізнес-планы кожнага з прадпрыемстваў холдынгу і ацэніць эфектыўнасць іх працы. Пры неабходнасці будзе праведзеная мадэрнізацыя. Новы холдынг збіраецца пастаўляць прадукцыю ў трыццаць краін свету.

Беларускаму Банку развіцця сёлета споўнілася пяць гадоў. Да свайго першага юбілею гэтая фінансавая ўстанова падышла з досыць самавітым партфелем рэсурсаў і шырокай сеткай кліентаў. У спісе партнёраў - шэсць сотняў кампаній і прадпрыемстваў. Галоўнае ж дасягненне - гэта стварэнне ў краіне рынку доўгіх грошай. Так вобразна завуцца доўгатэрміновыя пазыкі на сур'ёзныя праекты ў розных сферах.

Дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы знаходзяцца пад кіраваннем Банка развіцця з 1 красавіка гэтага года. Ёсць і першыя вынікі. Аб'ёмы вытворчасці галіна павялічыла на 70% за другі квартал.

Пра гэта сёння Прэзідэнту далажыў старшыня праўлення Банка развіцця. У Палацы Незалежнасці адбылася падрабязная гутарка пра тое, што новы для нашай краіны фінансавы інстытут зрабіў за пяць гадоў і якія стварае планы.

Прэзідэнт падтрымаў стратэгію Банка развіцця да 2020 года. Мяркуецца, у прыватнасці, што роля гэтай фінансавай арганізацыі ў эканоміцы краіны ўзрасце. Структура, якую ўзначальвае Сяргей Румас, вызначаная адзіным каардынатарам пры крэдытаванні ўсіх дзяржпраграм.

Банк развіцця плануе больш актыўна падтрымліваць малы і сярэдні бізнес. Гэта адно з даручэнняў Прэзідэнта. Аб'ёмы фінансавання прыватнага сектара павялічацца. Больш стане і спецыяльных банкаўскіх прадуктаў для прадпрымальнікаў. Банк развіцця дзейнічае і на глабальным рынку капіталаў. Летась у Лондане адкрылася прадстаўніцтва беларускай фінансавай арганізацыі. У наглядальным савеце банка, апроч айчынных экспертаў, працуе і еўрапеец Даніэль Крутцына.

Даніэль Крутцына, член наглядальнага савета Банка развіцця Беларусі: "Банк развіцця мае магчымасці дадатковага прыцягнення фінансавання з іншых крыніц фінансавання: праз Кітай, праз міжнародныя рынкі капіталу. І гэта ў будучыні, на мой погляд, можа быць прыватнае дзяржаўнае партнёрства, якое банкаўскім інстытутам значна лягчэй суправадзіць, чым асобным міністэрствам кожным паасобку. І спецыялізаваны штат супрацоўнікаў, які ведае, як структурыраваць такога кшталту праекты, структурыраваць міжнароднае партнёрства. І яно будзе больш зразумелае партнёрам са знешняй крыніцы фінансавання таксама".

Сяргей Румас узначальвае і Беларускую федэрацыю футбола. Таму развіццё гэтага спорту ў нашай краіне - яшчэ адна тэма сённяшняй гутаркі ў Палацы Незалежнасці. Рэканструкцыя стадыёна "Дынама" ідзе без затрымак, аб'ект будзе здадзены ў тэрмін. Пра гэта журналістам распавёў кіраўнік Федэрацыі футбола Сяргей Румас. Крыніцы фінансавання будаўніцтва нацыянальнага футбольнага стадыёна вызначаныя. Праект, хутчэй за ўсё, будзе набыты ўжо гатовы. Дзіўны прарыў каманды з Ісландыі на Еўра-2016 паказаў, што і нефутбольныя краіны здольныя паспяхова выступаць на самых прэстыжных чэмпіянатах.

Зараз пачынаецца адборачны цыкл на чэмпіянат свету па футболе, які адбудзецца ў 2018 годзе. У верасні зборная нашый краіны сустрэнецца з французскімі спартсменамі. У каманды ж Банка развіцця часу на трэніроўкі не засталося. Ужо сёння гэты фінансавы інстытут пачынае рэалізацыю сваёй стратэгіі 2016-2020.