"Малітва за Беларусь". Удзел у цырымоніі прыняў Аляксандр Лукашэнка

2 октября 2015

Асаблівая цырымонія адбылася некалькі гадзін таму ў Мінску ля сценаў храма-помніка ў гонар Усіх святых. "Малітва за Беларусь" - так яна называецца. Удзел у цырымоніі прыняў Прэзідэнт, а таксама кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы. У крыпце храма-помніка пахавалі 7 капсул з зямлёй з месцаў пахавання беларускіх воінаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай. Прычым загінулі ўдалечыні ад Радзімы. Зямлю збіралі па ўсёй Еўропе: у Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Чэхіі, Італіі. Падзея кранальная і сімвалічная. Асабліва ў год 70-годдзя Вялікай Перамогі. Аднак арганізатары гавораць: гэта не разавая акцыя. Сёння паклалі пачатак вялікай і карпатлівай рабоце. Як гэта было, раскажа Ілона Красуцкая.

Перазвон Усіхсвяцкага храма ўжо некалькі гадоў як арыенцір. Пачатак набажэнства, а значыць, час забыцца пра паўсядзённыя клопаты, мітусню і праблемы. Але сёння звыклую для вернікаў дарогу ў храм выпадковым прахожым падказаў голас. 2 тысячы чалавек аб'яднала "Малітва за Беларусь". Ва ўнісон спяваюць аб Радзіме, міры і шчасці.

Паўгода яны развучвалі партытуры. І ніводнай сумеснай рэпетыцыі. Больш за тое – многія артысты нават не знаёмыя. 70 калектываў. Лакацыя: ад мегаполіса да Лельчыцкага раёна. Генеральным прагонам для іх стала харавое веча. Сцэнай - прыступкі храма. Канцэрт пад адкрытым небам двухмільённаму гораду нароўні з прафесіяналамі даюць тыя, хто сціпла называе сябе аматарам, і тыя, хто толькі некалькі гадоў таму вывучыў ноты.

Міністры, дыпламаты і бізнесмены. Побач з імі і Кіраўнік дзяржавы разам з трыма сынамі. Моляцца аб тых, хто цаной уласнага жыцця заваяваў Вялікую Перамогу і падарыў пакаленням незалежнасць.

Усіхсвяцкі - адзіны ў краіне мемарыяльны храм. У сімвалічнай крыпце беларускай пахавальні астанкі салдат трох войнаў: 1812 года, Першай і Другой сусветных. Салдаты, якія аддалі жыцці за Айчыну: бацькі, сыны, унукі.

Протаіерэй Фёдар Поўны, настаяцель прыходу ў гонар Усіх святых Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы:

"Ідэя храма была больш маштабная, чым проста пахаваць астанкі тых, хто загінуў за Айчыну. Ужо першапачаткова храм задумваўся як гістарычны летапіс нашага народа, як храм - захавальнік народнай памяці, але не нежывы архіў, а напоўненая малітвай і важнымі жыццёвымі падзеямі прастора".

Многія з воінаў загінулі на чужыне. На пошукі беларускага следу ў Еўропу летась адправіліся праваслаўнае духавенства, вайскоўцы, гісторыкі. Пераадолелі тысячы кіламетраў, каб прывезці зямлю з месцаў масавых пахаванняў. Сёння ў нішах храма ўвекавечылі памяць.

Маштабная музычна-патрыятычная акцыя згуртавала прадстаўнікоў розных рэлігій. У цёплай атмасферы Белай залы за чаяваннем праваслаўныя, католікі, мусульмане, іудзеі разам з Прэзідэнтам гаварылі пра ўзаемадзеянне царквы і дзяржавы як гарант духоўных і культурных сувязяў. Сустрэча атрымалася па-сапраўднаму душэўнай, бо ў мірных мэтаў, музыкі і малітвы няма канфесійнай прыналежнасці.

Да малітоўнага свята прымеркаваная і вялікая царкоўная падзея. У Мінск прыбыла цудатворная ікона Божай Маці "Замілаванне" - абраз, якому на працягу ўсяго жыцця маліўся сам Серафім Сароўскі.

Яшчэ напрыканцы мінулага стагоддзя жыхарка Бранскай вобласці купіла гэты абраз у мясцовым універмагу, а праз некаторы час ён стаў міраточыць. З таго часу святыня ўжо абляцела паўсвету. Маршрут па гарадах і краінах адзінай на планеце двухбаковай міраточывай іконы распісаны на год наперад. Копію святыні протаіерэй Фёдар Поўны сёння паднёс Кіраўніку дзяржавы.

Пра цудадзейную сілу малітвы гаворыць не толькі духавенства, але і навука. Просьба аднаго чалавека часам здольная ўсяліць надзею і нават вылечыць. Сёння добрыя словы памножаныя на некалькі тысяч.

Сучаснікі прыходзяць сюды кожны са сваім унутраным маналогам. Шмат маладых бацькоў з дзецьмі. Іх называюць храмавым пакаленнем. Усіхсвяцкія аднагодкі. Іх станаўленне часоў незалежнасці не азмрочанае ўзрушэннямі нацыянальнага маштабу.

Пад мірным небам Беларусі жывуць у згодзе, бяруць шлюб, выхоўваюць дзяцей прадстаўнікі больш як 140 нацый і народнасцяў. Часам цяжка ўявіць, але ў гэты ж самы час у розных пунктах планеты ідуць войны і канфлікты. Трагічныя падзеі адбываюцца прама ля межаў Беларусі. З пачатку баявых дзеянняў ва Украіне наша краіна стала домам для 150 тысяч бежанцаў.

Харавое веча не толькі свята песні. Хутчэй духоўны падмурак. Бо нездарма ў "нацыянальнай малітве" - гімне нашай краіны - ёсць радкі: "Мы, беларусы - мірныя людзі". Ствараць, гадаваць дзяцей, будаваць планы на будучыню лепш атрымліваецца ў тых, хто спявае не пра вайну, а пра мір.