26 красавіка Кіраўнік дзяржавы па традыцыі наведвае пацярпелыя рэгіёны

29 апреля 2018

Канец красавіка ў нашай краіне адзначаны датай, якая застаецца асаблівай у нашай гісторыі. Гадавіна аварыі на Чарнобыльскай АЭС - гэта кожны раз нагода ацаніць, што ўжо зроблена на шматпакутных землях поўдня краіны, і задумацца аб іх перспектывах. Гэтымі днямі Кіраўнік дзяржавы па традыцыі наведвае пацярпелыя рэгіёны. На гэты раз у цэнтры ўвагі аказалася і пытанне па-за атамнай тэматыкай.

Стратэгічны аб'ект - мост, які злучае Жыткавічы і Тураў, - з-за расколіны прыйшлося закрыць яшчэ ў снежні. У выніку змяніўся звыклы лад жыцця для людзей у радыусе соцень кіламетраў. Пантон і паром, вядома, ёсць. Але ёсць і прынцыповае даручэнне - да 7 лістапада завяршыць будаўніцтва новага моста.

Пасля надзвычайнага здарэння ў Жыткавічах у краіне праверылі ўсе такія аб'екты. Многія пераправы, узведзеныя яшчэ пры Саветах, зараз ужо сталі праблемнымі. Таму і пытанне комплекснае. У выніку стварылі цэлую праграму па рэканструкцыі. У спісе 22 масты. Работы на найбліжэйшыя 7 гадоў.

Тым часам у Жыткавічах ужо зацверджаны графік, ёсць архітэктурны праект, які прайшоў экспертызу. Кошт работ разам з матэрыяламі ацэньваецца ў 49 мільёнаў рублёў. Аляксандр Лукашэнка прама на беразе Прыпяці сабраў з гэтай нагоды меркаванні профільных спецыялістаў і даў сваю ацэнку.

Вядома, падчас паездкі ўзнімалі і пытанні эканомікі. Прэзідэнт пабываў на Тураўскім малочным камбінаце. Прадпрыемства пачало працаваць 5 гадоў таму і ўжо стала цэнтрам прыцягнення і сыравіны, і рабочай сілы для ўсяго рэгіёна. Будаўніцтва камбіната стала часткай дзяржпраграмы развіцця Прыпяцкага Палесся. Зараз тут вырабляюць італьянскія далікатэсы - сыры на любы густ. Рыкота, маскарпонэ і мацарэла - усё гэта зараз яшчэ больш даступнае для беларусаў.

Развіццё вытворчасцяў, новыя рабочыя месцы, абнаўленне інфраструктуры - складальнікі, якія павінны дапамагчы адчуць новае жыццё на Палессі. І ўсё гэта ў руках саміх людзей. "Беларусы здольныя зрабіць сваю краіну сапраўды квітнеючым краем", - гэтыя словы прагучалі ўжо ў невялікім будынку Жыткавіцкага выканкама, дзе на наступны дзень Прэзідэнт правёў нараду з кіраўніцтвам раёна і кіраўнікамі прадпрыемстваў рэгіёна.

У размове Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на пытанні разумнага падбору кадраў і праблему п'янства. Каб зрабіць сваю краіну квітнеючай, трэба прыкладаць намаганні і падтрымліваць сур'ёзную дысцыпліну. Рыторыка Прэзідэнта жорсткая. Гэта і зразумела. Прыкладаў, калі з-за адсутнасці парадку падрываецца стабільнасць грамадства, хапае. Рэцэпт якасці жыцця просты, таму і рамкі ў яго павінны быць жорсткімі.

Тут жа ўзнялі і тэму будаўніцтва Петрыкаўскага горна-ўзбагачальнага камбіната. Прагучала і даручэнне - за год добраўпарадкаваць і навесці парадак і ў самім райцэнтры па прыкладзе Жыткавічаў. Што да рэспубліканскіх паказчыкаў, пастаўлена задача да канца цяперашняй пяцігодкі знізіць інфляцыю да 3-4 працэнтаў за год. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі зараз няма падставы для росту цэн. Важную ролю ў рабоце рыначнага механізма павінен адыгрываць жорсткі кантроль пасрэднікаў.

Пасля нарады Прэзідэнт прагуляўся па цэнтральнай частцы Жыткавічаў і цёпла пагутарыў з мясцовымі жыхарамі. Добрую ацэнку атрымала добраўпарадкаванне будынка і тэрыторыі вакол сярэдняй школы. Таксама Аляксандр Лукашэнка наведаў райагратэхсэрвіс, дзе яму далажылі аб перспектывах развіцця.