20 снежня КДБ адзначыць 100-гадовы юбілей

15 декабря 2017

У Палацы Рэспублікі адбыўся ўрачысты сход. Супрацоўнікаў і ветэранаў беларускіх органаў дзяржбяспекі напярэдадні іх прафесійнага свята павіншаваў Кіраўнік дзяржавы.

Расказвае Ілона Красуцкая.

Літаральна некалькі дзён назад у Палацы Рэспублікі сустракалася інтэлектуальная эліта. Больш за дзве тысячы дэлегатаў з Беларусі, блізкага і далёкага замежжа аб'яднаў II З'езд навукоўцаў. А сёння ў гэтых сценах іншыя запрошаныя. Тыя, хто 24 гадзіны, 7/7 гарантуюць нацыянальную бяспеку. Агульнага ў дзвюх падзей гэтага тыдня, сапраўды, шмат. Навуковыя сакрэты, найноўшыя тэхналагічныя распрацоўкі, стратэгічныя аб'екты, напрыклад, Беларуская АЭС - зона адказнасці супрацоўнікаў дзяржбяспекі. Сёння, здавалася б, святочная нагода. 20 снежня Камітэт дзяржаўнай бяспекі адзначае 100-гадовы юбілей. Але яны ўсё роўна "на працы".

Гэта яны гарантуюць эканамічную бяспеку, вядуць барацьбу з міжнародным тэрарызмам і наркатрафікам. Ніколі не прэтэндавалі на званне публічных персон, яно і зразумела, такая служба - быць за кадрам. І нават сёння ў інтэрв'ю больш гаварылі аб працы.

Супрацоўнікаў і ветэранаў беларускіх органаў дзяржбяспекі напярэдадні іх прафесійнага свята павіншаваў Кіраўнік дзяржавы. Круглая дата - добрая нагода падвесці вынікі, успомніць, колькі зроблена і яшчэ трэба будзе. Пералічваючы, немагчыма забыць гісторыю. З чаго ўсё пачыналася…

Расія, 1917 год. Улада ад Часовага ўрада пераходзіць у рукі бальшавікоў. Кастрычніцкая рэвалюцыя спарадзіла больш хаосу, чым парадку. Адсутнасць эканамічнай і палітычнай эліты, банальнага кантролю за правапарадкам, патрабавала рашучых дзеянняў. Ваенна-рэвалюцыйныя камітэты выконвалі разнастайныя ўласцівыя і неўласцівыя функцыі.

У выніку былі ператвораныя ў ВНК. Асноўная функцыя Усерасійскай надзвычайнай камісіі - барацьба з контррэвалюцыяй і сабатажам. Старшынёй прызначаны Фелікс Дзяржынскі. Для Беларусі гэта асабліва важна, бо прабацька самай сакрэтнай службы краіны нарадзіўся і вырас на нашай зямлі. Прыкладна за сто кіламетраў ад Мінска. Юбілейная дата - векавы шлях барацьбы шматлікіх пакаленняў "байцоў нябачнага фронту", якія баранілі інтарэсы сваёй Радзімы.

Найскладанейшую праверку на трываласць органы дзяржбяспекі прайшлі ў гады Другой сусветнай вайны. Перад спецгрупамі стаяла мноства задач: ад дыверсій на базах праціўніка і тэрактаў супраць здраднікаў да кіравання агентурнай сеткай. Часцяком інфармацыя, якую перадавалі байцы, аказвалася неацэннай. Звесткі аб размяшчэнні часцей войскаў, ілжывых мэтах, перамяшчэннях праціўніка - усё мела значэнне. Паралельна спецгрупы вялі актыўныя баявыя дзеянні. Былі абясшкоджаны 36 рэзідэнтур і звыш 6 з паловай тысяч агентаў нямецкай разведкі. У жорсткай сутычцы з фашыстамі загінулі 360 супрацоўнікаў дзяржбяспекі рэспублікі. За адвагу і мужнасць шматлікія ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Некаторыя - пасмяротна.

З развалам Савецкай імперыі для Беларусі на першы план выходзяць пытанні эканомікі. Маладой суверэннай дзяржаве даводзіцца абараняць тое, што засталося ад Саюза, і ствараць уласную базу. Сёння перад спецслужбамі стаяць новыя задачы. Барацьба з тэрарызмам, карупцыяй, спыненне незаконнага гандлю зброяй. Паралельна супрацоўнікі ведамства ўцягнуты ў вырашэнне задач эканамічнага сектара.

Шматлікія сучасныя пагрозы можна пераадолець толькі разам. КДБ Беларусі развівае супрацоўніцтва са спецслужбамі дзясяткаў краін. Дзякуючы інфармацыі нашых спецслужбаў спынены шэраг спроб учынення тэрактаў у Расіі і некаторых еўрапейскіх краінах.

Напярэдадні свята Камітэт дзяржбяспекі ў музеі. На сайце ведамства даступна віртуальная экскурсія. У экспазіцыі ёсць карты ВКЛ. Можна ўбачыць партрэт заснавальніка органаў савецкай дзяржбяспекі Фелікса Дзяржынскага і яго пераемнікаў. Заканчваецца экспазіцыя сучаснымі матэрыяламі, сярод якіх аўтограф Аляксандра Лукашэнкі.

Профільныя кадры вось ужо як 70 гадоў рыхтуе Інстытут нацыянальнай бяспекі. У гэтую навучальную ўстанову конкурс вышэйшы, чым у самыя прэстыжныя ВНУ краіны. Аднак у курсанты і слухачы залічваюць не толькі па выніках уступных выпрабаванняў. Падбор будучых чэкістаў - справа не аднаго дня і прахадны бал у дадзеным выпадку - не проста выдатныя адзнакі. Супрацоўнікі органаў дзяржбяспекі - асаблівая каста. Знешні глянец і бездакорныя манеры - толькі адзін бок медаля. Адваротны - уменне паказаць вытрымку і знаходлівасць у любых, нават амаль бязвыхадных сітуацыях.

КДБ у Беларусі лічыцца самай элітнай спецструктурай. Гэтыя людзі працуюць за ідэю і з гонарам носяць пагоны. Інакш у нас не было б Дзяржынскага, партызан і вызваленага Мінска; была б забытая трагедыя Хатыні, Чарнобыля і Афганістана; не было б уласнай эканомікі, незалежнасці і межаў дзяржавы. Цяжкія абавязкі і асаблівы гонар, яны даюць толькі адну прывілею - заставацца на першым плане барацьбы за нацыянальныя інтарэсы.