2018-ы - Год малой радзімы. Аб важным рашэнні Прэзідэнт заявіў на цырымоніі ўзнагароджання перадавікоў АПК

9 февраля 2018

2018-ы ў Беларусі аб’яўлены Годам малой радзімы. Гэта стала вядома падчас ушаноўвання лепшых работнікаў АПК. Ва ўрачыстай цырымоніі прыняў удзел і Прэзідэнт краіны.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, як важна зрабіць утульным і ўзорным кожны куток Беларусі. У прыватнасці, той невялікі, які адыгрывае важную ролю ў лёсе асобнага чалавека. Прыгожыя лозунгі і словы варта падмацаваць канкрэтнымі справамі і ўчынкамі. І асабісты ўдзел у добраўпарадкаванні будзе прыкладам сапраўднага патрыятызму для новых пакаленняў.

Цяперашняя цырымонія - магчымасць адзначыць заслугі тых, хто працуе на зямлі, і ў цэлым усяго аграпрамысловага комплексу. Дата падвядзення вынікаў выбрана не выпадкова: на гэты момант ужо вядома, хто як спрацаваў у галіне. І самы час рыхтавацца да новага аграрнага сезона.

Усяго ў Мінск з'ехаліся амаль паўтысячы гасцей. Лепшым работнікам АПК Прэзідэнт уручыў дзяржаўныя ўзнагароды. Гэта кіраўнікі гаспадарак, фермеры, перадавікі сельгасвытворчасці, вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, мясцовых органаў улады, лідары грамадскіх арганізацый. Поўная харчовая бяспека дзяржавы - галоўнае дасягненне цяперашняга аграрнага сезона. Фінансавы стан большасці сельгаспрадпрыемстваў палепшыўся, а экспарт прадуктаў харчавання ўпершыню наблізіўся да 5 мільярдаў долараў.

Сімвалічны акцэнт урачыстай цырымоніі: Прэзідэнту сёння падарылі своеасаблівы абярэг беларусаў - Грамнічную свечку. Грамніцы - гэта народнае свята, якое сімвалізуе сустрэчу зімы з летам і пачатак новага сельскагаспадарчага года. Лічыцца, што такая свечка дорыць людзям здароўе, зямлі - урадлівасць, абуджае прыроду да новага жыцця.

Тэлеверсію ўрачыстай цырымоніі ўручэння дзяржузнагарод перадавікам АПК Беларусі глядзіце адразу пасля "Панарамы" ў 21:30.