2017 год стане важным этапам у развіцці адносін паміж Беларуссю і Малдовай

28 апреля 2017

Гэты год стане важным этапам у развіцці адносін паміж Беларуссю і Малдовай. Ужо гэтым летам адбудуцца візіты ў Мінск прэзідэнта і прэм'ер-міністра гэтай краіны. Сярод іншых і гэтыя тэмы Аляксандр Лукашэнка сёння абмеркаваў з паслом Малдовы. Сустрэча прайшла з нагоды завяршэння яго місіі ў Беларусі. Георге Хіаарэ ўзначальваў дыппрадстаўніцтва ў нашай краіне на працягу 7 гадоў. З Беларуссю пасла злучае многае, напрыклад, яго бацька падчас Вялікай Айчыннай быў паранены пад Бабруйскам. Сам жа Георге Хіаарэ ўпершыню пабываў у Мінску ў 1969 годзе ў складзе зборнай Малдовы па барацьбе. Сёння дыпламат прызнаўся, што пакідае Беларусь з жалем, паколькі палюбіў братэрскую краіну.

Тавараабарот паміж краінамі за мінулы год перавысіў 227 мільёнаў долараў. У аснове беларускага экспарту - нафтапрадукты, трактары, тралейбусы, цукар, бульба, керамічная плітка, шыны і халадзільнікі. З Малдовы да нас вязуць вінаградныя віны, гародніну і садавіну. Пачатак 2017 паказвае рост экспарту на 44 працэнты. Прэзідэнт даручыў прааналізаваць гэтыя тэндэнцыі Міністэрству замежных спраў.

Мінск і Кішынёў аб'ядноўваюць цесныя кааперацыйныя сувязі. У Малдове збіраюць тралейбусы Белкамунмаш, садова-вінаградарскую тэхніку і трактары малой магутнасці. Летась у Кішынёве запусцілі сумесную вытворчасць беларускіх бесправадных тралейбусаў. Беларусь гатовая падлучыцца і да мадэрнізацыі аўтамабільнай і чыгуначнай інфраструктуры Малдовы, дзяліцца вопытам у прамысловасці, будаўніцтве, сельскай гаспадарцы і іншых сферах.

Нагадаем, роўна два тыдні таму прэзідэнты Беларусі і Малдовы сустракаліся ў Бішкеку падчас саміта ЕАЭС, дзе кіраўнікі еўразійскай пяцёркі дамовіліся падаць Кішынёву статус назіральніка пры інтэграцыйным аб'яднанні. Больш як два гады таму рэспубліка падпісала пагадненне аб асацыяцыі з ЕС, але цяперашняе кіраўніцтва краіны бачыць перспектывы менавіта ў аднаўленні сувязяў з краінамі еўразійскай пяцёркі. Гэты вектар быў асновай перадвыбарнай праграмы прэзідэнта Ігара Дадона, за якую і прагаласавалі жыхары Малдовы. Вялікія стаўкі Кішынёў робіць на развіццё адносін з Мінскам. У Бішкеку Аляксандр Лукашэнка і Ігар Дадон правялі перамовы тэт-а-тэт, галоўнай тэмай якіх стала развіццё двухбаковых адносін. Працягнуць гэтую гутарку палітыкі дамовіліся ў Мінску, афіцыйны візіт Ігара Дадона запланаваны на сярэдзіну ліпеня. А ў пачатку чэрвеня Беларусь наведае прэм'ер-міністр Малдовы Павел Філіп.