Такое меркаванне выказаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на саміце ЕАЭС у Бішкеку. Праблемных пытанняў у функцыянаванні Еўразійскага эканамічнага саюза нямала. На думку беларускага лідара, замоўчваць іх контрпрадуктыўна. На саміце Беларусь падрыхтавала прапановы па пашырэнні і паглыбленні еўразійскай інтэграцыі. Акрамя Аляксандра Лукашэнкі, за сталом перамоў у дзяржаўнай рэзідэнцыі "Алаарча" сабраліся прэзідэнты Расіі, Казахстана, Кыргызстана, Арменіі і Малдовы. На парадку дня 10 пытанняў. Асаблівую ўвагу надалі эканамічнаму супрацоўніцтву з трэцімі краінамі. Лідары "пяцёркі" разгледзелі пытанне стварэння зоны свабоднага гандлю з Іранам і заяўку Малдовы на атрыманне статусу назіральніка ў ЕАЭС. Акрамя гэтага кіраўнікі дзяржаў Еўразійскага саюза абмеркавалі асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі сваіх краін на найбліжэйшыя два гады.
І сёння на палях саміта ЕАЭС Аляксандр Лукашэнка правёў двухбаковую сустрэчу з малдаўскім калегам Ігарам Дадонам. Лідары пацвердзілі неабходнасць выхаду на больш плённае супрацоўніцтва. Нагадаем, Мінск і Кішынёў разлічваюць нарасціць тавараабарот да паўмільярда долараў.
Нягледзячы на няпростую сітуацыю ў рэгіёне і свеце, лічбы двухбаковага гандлю выклікаюць аптымізм. Аб'ём беларуска-малдаўскага тавараабароту летась склаў 227 мільёнаў долараў. У Малдове дзейнічае некалькі сумесных зборачных вытворчасцяў. На ліпень запланаваны афіцыйны візіт Ігара Дадона ў Беларусь.
Па выніках саміту ў Бішкеку лідары краін Еўразійскага эканамічнага саюза падпісалі 11 дакументаў. У прыватнасці, зацверджаны асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі дзяржаў саюза на два гады. Акрамя таго, прынята афіцыйнае рашэнне аб даванні Малдове статусу краіны - назіральніка ў ЕАЭС.
Сёння ў Бішкеку Прэзідэнт Беларусі прыняў удзел і ў нефармальным саміце АДКБ. Лідары шасці краін абмеркавалі сітуацыю ў сферы бяспекі, актуальныя выклікі і пагрозы, а таксама шляхі сумеснай барацьбы з імі. Акрамя таго, прэзідэнты выбралі генсакратара АДКБ - прадстаўніка Арменіі Юрыя Хачатурава.













