1 ліпеня ў Беларусі дадзены старт святочным урачыстасцям

1 июля 2016

Краіна рыхтуецца адзначыць найважнейшую падзею ў гісторыі суверэннай Беларусі - Дзень Незалежнасці. І сёння па добрай традыцыі ў Палацы Рэспублікі адбыўся ўрачысты сход з удзелам Кіраўніка дзяржавы. 3 ліпеня для беларускага народа - дата асаблівая. Менавіта яна ўключае ў сябе сакральныя паняцці волі і незалежнасці. На шляху да якіх нашаму народу давялося перажыць нялёгкія выпрабаванні. Але сёння, праз гады, беларусы самі могуць вызначаць сваю будучыню, а адзінства і згуртаванасць нашага народа - той самы падмурак Беларусі. Святочным акордам сённяшняга дня стала канцэртная праграма. Атмасфера вечара - у рэпартажы Наталлі Брэус.

Так супала, што ўрачысты сход з нагоды Дня Незалежнасці ў Палацы Рэспублікі праходзіць услед за Усебеларускім народным форумам. Была прароблена вялікая праца - тыдзень назад прынята праграма далейшага развіцця краіны. Засяродзіцца маецца на пераходзе эканомікі на інавацыйныя рэйкі.

У моры людзей вылучаюцца ветэраны. Нягледзячы на ўзрост, трымаюцца статна. Менавіта яны абаранілі Беларусь у ваенныя гады. Вайна - гісторыя, якая не павінна паўтарацца.

Менавіта 3 ліпеня 44-га салютавалі ў гонар вызваленага Мінска. Па волі беларускага народа гэта дата ўвайшла ў каляндар сапраўднай Беларусі як Дзень Незалежнасці. Ваенная гісторыя і галоўнае - Перамога - гэтыя падзеі сталі пераломнымі момантамі ў лёсе цэлай краіны. "Шануем і памятаем!" - з гэтай ключавой думкі стартуе зварот Прэзідэнта Беларусі.

Пасляваенныя гады прайшлі для Беларусі пад знакам аднаўлення. А гісторыя суверэннай краіны пачыналася ва ўмовах няпростай геапалітыкі. Распад Савецкага Саюза і абвал эканомікі, спыненне працы прадпрыемстваў, разгул злачыннасці - заставаўся крок да прорвы. Але тады зноў выстаялі! І пайшлі па шляху не рэвалюцыі, а эвалюцыі.

Крок за крокам выбудоўвалі дзяржаву для людзей. У 2016 годзе рэспубліка адзначае 25-годдзе Незалежнасці. За гэтыя чвэрць стагоддзя перад ветэранамі не сорамна. Не выпадкова Прэзідэнт гаварыў аб прыярытэце "чалавечнай" палітыкі.

Самастойная і незалежная Беларусь упарта наладжвала кантакты з найбуйнейшымі дзяржавамі - Расіяй, Кітаем, Індыяй - і сёння наша невялікая дзяржава на сусветнай пляцоўцы - аўтарытэтны гулец. Нават у гэты перадсвяточны дзень Прэзідэнт гаворыць, як важна бяспека сёння. Мірнае неба над галавой дарагога каштуе! І ў Беларусі сёння ёсць жалезныя аргументы ў падтрымку спакойнага жыцця.

Хоць і лічыцца гэты вечар стартам афіцыйных урачыстасцяў, але ў зале адчувалася атмасфера добрага сямейнага свята. Пра такое звычайна гавораць: "Душэўна пасядзелі!". Радаваў вока і святочны канцэрт. Пераемнасць пакаленняў і адзінства людзей - вось што сапраўды адчувалася ў зале.

З урачыстага сходу ў Палацы Рэспублікі стартуюць святочныя выхадныя ў Беларусі. Гэтыя першыя гарачыя ліпеньскія дні пройдуць пад знакам Дня Незалежнасці. Усенародныя гулянні - ва ўсіх раёнах сталіцы і ў рэгіёнах. Кожны зможа прасякнуцца духам галоўнага свята беларускай дзяржаўнасці. Кульмінацыя ўрачыстасцяў - у нядзелю. З раніцы парад войскаў Мінскага гарнізона за гадзіну да паўночы - акцыя, якая аб'ядноўвае, "Праспяваем гімн разам" і вялікі феерверк.