11 і 12 верасня Прэзідэнт здзейсніць афіцыйны візіт у Індыю

8 сентября 2017

Прэзідэнт Беларусі здзейсніць афіцыйны візіт у Індыю. Як паведамілі ў прэс-службе Кіраўніка дзяржавы, 11 і 12 верасня Аляксандр Лукашэнка правядзе перамовы і некалькі афіцыйных сустрэч з кіраўніцтвам паўднёваазіяцкай рэспублікі. Індыя - важны для нас партнёр у паўднёваазіяцкім рэгіёне.

За чвэрць стагоддзя дыпадносін паміж Беларуссю і Індыяй устанавіліся ўнікальныя і канструктыўныя ўзаемаадносіны. Аляксандр Лукашэнка ўжо двойчы быў у гэтай краіне, падтрымліваючы такім чынам дыялог на вышэйшым узроўні.

А два гады таму адбыўся першы афіцыйны візіт індыйскага прэзідэнта ў нашу краіну. Тады гэтую пасаду займаў Пранаб Мукерджы.

Але з сярэдзіны лета ў Індыі новы прэзідэнт. У пачатку наступнага тыдня Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца з калегам Рамам Натхам Кавіндам, а таксама правядзе перамовы з прэм'ер-міністрам Нарэндрам Модзі. Будзе абмяркоўвацца развіццё супрацоўніцтва, галоўным чынам у гандлёва-эканамічнай, палітычнай, навукова-тэхнічнай і гуманітарнай сферах, турызме. Размова пойдзе і аб узаемадзеянні Беларусі і Індыі ў фармаце еўразійскай інтэграцыі, новых магчымасцях для інвестсупрацоўніцтва. Тавараабарот паміж краінамі набліжаецца да паўмільярда долараў, але гэтая лічба відавочна не адпавядае патэнцыялу дзяржаў. Падчас візіту лідары краін змогуць абмяняцца меркаваннямі аб актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня. Адначасова з візітам Аляксандра Лукашэнкі ў Нью-Дэлі адбудзецца індыйска-беларускі бізнес-форум, на якім пройдуць перамовы паміж прадстаўнікамі дзелавых колаў.