Рэзкае абвастрэнне сітуацыі ва Украіне абмяркуюць на надзвычайным пасяджэнні трохбаковай кантактнай групы

31 января 2017

Рэзкае абвастрэнне сітуацыі ва Украіне. На ўсходзе краіны ўжо трэція суткі захоўваецца напружанае становішча. Заўтра ў Мінску пройдзе надзвычайнае пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту на ўсходзе Украіны

У нядзелю ў прамзоне Аўдзееўкі ішлі актыўныя баі. Па заявах штаба АТА, апалчэнцы паспрабавалі захапіць пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў. Пасля масіўнага абстрэлу пачалі штурмаваць населены пункт. Па розных звестках, загінулі ад 7-мі да 15-ці чалавек. Дзясяткі параненыя. Сярод пацярпелых - і мірныя жыхары. Гукі стрэлаў чутныя ў прыгарадзе Данецка, сяле Макееўка і наваколлях горада Ясінаватая. Абстрэламі сур'ёзна пашкоджаны аб'екты інфраструктуры. Тысячы жыхароў Данецкай вобласці засталіся без вады, электрычнасці і цеплазабеспячэння. А ў рэгіёне - 20-градусныя маразы. У Данецку абясточана шахта імя Засядзькі. Пад зямлёй заблакіраваныя звыш 200 гарнякоў. МНС самаабвешчанай ДНР спрабуе падняць людзей на паверхню.

Заўтра ў Мінску пройдзе надзвычайнае пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту на ўсходзе Украіны. Сустрэча ініцыяваная прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Бакі абмяркуюць крытычную сітуацыю вакол Аўдзееўкі і пытанне абмену ваеннапалоннымі.