Завяршылася стварэнне ўчастковых выбарчых камісій па выбарах у дэпутаты

2 октября 2019

Завяршылася стварэнне ўчастковых выбарчых камісій  па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага  сходу Беларусі сёмага склікання. 

Іх колькасць адпавядае колькасці  ўчасткаў для галасавання - 5 785. Прадстаўнікоў у выбаркамы вылучалі палітычныя партыі і грамадскія аб'яднанні, а таксама працоўныя калектывы. Актыўнасць  праявілі і грамадзяне  шляхам падачы заяў. Літаральна з гэтага дня і да вынікаў галасавання  на ўчастковыя выбарчыя камісіі ўскладзена вялікая адказнасць. Марына Раманоўская прадоўжыць  тэму. 

Аляксей Крыўко кіруе Шумілінскай ПМК. Некалькі гадоў таму па яго ініцыятыве тут адкрыўся цэх дрэваапрацоўкі. Рабочыя месцы атрымалі больш  за 60 чалавек. І зараз менавіта падтрымка працоўнага калектыву дазволіла дырэктару прадпрыемства ўвайсці ў склад участковай выбарчай камісіі. 

Таксама прэтэндэнтаў ва ўчастковыя камісіі вылучалі партыі, грамадскія аб'яднанні і грамадзяне шляхам падачы заяў. Алену Красіцкую падтрымала раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Педагог упэўнена: яе прафесійны і жыццёвы вопыт дазволіць справіцца з усімі задачамі, што стаяць перад участковымі выбаркамамі. 

У Беларусі створана 5 785 участковых выбарчых камісій 

Вылучэнне прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбаркамы завяршылася 29 верасня. І сёння, згодна з каляндарным планам, яны створаны. У краіне іх 5 785 - столькі ж, колькі і ўчасткаў для галасавання. На месцы прэтэндавалі больш  за 67 тысяч чалавек. 

Іван Талкач, намеснік загадчыка аддзела Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў: "Гэта прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, практычна 55 %. 6,6 % - прадстаўнікі палітычных партый. Амаль 35 % было вылучана грамадзянамі і 11 % -  працоўнымі калектывамі".

Участковыя выбарчыя камісіі - гэта незалежныя калегіяльныя органы. Іх дзеянне адкрытае. У складзе  ад 5 да 19 чалавек. 

Наперадзе вялізная работа. Участковыя выбарчыя камісіі забяспечваюць выкананне выбарчага заканадаўства, вядуць інфармацыйную  работу, рыхтуюць памяшканні і абсталяванне для галасавання. Самая пільная ўвага - стварэнню на выбарчых участках безбар'ернага асяроддзя. 

Першыя пасяджэнні камісій адбудуцца на працягу трох дзён. У кожнай абяруць старшыню, яго намесніка і сакратара. Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пройдуць 17 лістапада.