Завяршаецца экспертная праца над Дагаворам аб Еўразійскім эканамічным саюзе

15 апреля 2014
Сустрэча кіраўнікоў урадаў Беларусі, Расіі і Казахстана і асноўная тэма перамоў - падрыхтоўка праекта Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Забегаючы наперад, прывядзем заяву расійскага прэм'ера: на сустрэчы атрымалася прасунуцца практычна па ўсіх пытаннях, якія дагэтуль не вырашаныя.


Заўтра фармулёўкі канчаткова адшліфуюць віцэ-прэм'еры, ну а пасля - у канцы красавіка - найболей актуальныя пытанні будуць вынесеныя на парадак дня саміту кіраўнікоў дзяржаў.


Рэпартаж з Масквы Максіма Кароткіна.

Сустрэча на ўзроўні прэм'ераў краін - удзельніц Мытнага саюза фактычна азначае завяршэнне экспертнай працы над Дагаворам аб Еўразійскім эканамічным саюзе. І сапраўды, кіраўнікі ўрадаў сёння канстатавалі, што па большасці пытанняў знойдзеныя кампрамісныя рашэнні. Зараз размова ўжо можа ісці аб узгадненні стратэгічных інтарэсаў трох краін.


Напярэдадні ў Маскве праект дагавора ў рамках сваёй кампетэнцыі абмеркавала Еўразійская эканамічная камісія. Наступны ўзровень - узгадненне палажэнняў дакумента прэм'ерамі. Далей сітуацыю абмяркуюць кіраўнікі дзяржаў, што павінна адкрыць дарогу да падпісання Дагавора аб Еўразійскім саюзе ў маі гэтага года.


Пачынаючы сённяшнюю сустрэчу, Дзмітрый Мядзведзеў гаварыў аб высокім узроўні гатоўнасці дакумента. Гэта, па сутнасці, азначае, што значная частка нацыянальных паўнамоцтваў у частцы ўрэгулявання свабодных перамяшчэнняў тавараў, капіталаў і працоўнай сілы перададзеная на наднацыянальны ўзровень. І бізнес, у прыватнасці, ужо можа выбіраць месца, дзе працаваць больш проста і выгадна. Зараз на парадку дня пераход на больш высокі ўзровень інтэграцыі.


Сёння ж прэм'еры адназначна заявілі аб тым, што бакі максімальна зблізілі пазіцыі па пытанні абмежаванняў. Падрабязна па кожным пункце расказваць не сталі, але агульнае ўражанне аптымістычнае.


Заўтра праца працягнецца ўжо на ўзроўні віцэ-прэм'ераў. Намеснікі кіраўнікоў урадаў павінны, што завецца, пакласці на паперу сённяшнія дамоўленасці і перавесці іх у юрыдычныя фармулёўкі. Прычым падкрэсліваецца, што палажэнні Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе павінны быць адназначнымі і не дапушчаць двайных трактовак. Узгодненыя пазіцыі будуць прапанаваныя на разгляд прэзідэнтам ужо ў канцы гэтага месяца.