Узаемадзеянне ў галіне дзяржаўнай бяспекі абмяркоўвалі ўдзельнікі саміту АДКБ

27 мая 2013

Як вынік - падпісана дзесяць сумесных дакументаў. У сталіцы Кыргызстана кіраўнікі Саветаў бяспекі, міністэрстваў замежных спраў і ваенных ведамстваў АДКБ абменьваліся меркаваннямі  на тэму развіцця арганізацыі. Вынікі пасяджэння лягуць у аснову нефармальнага саміту кіраўнікоў дзяржаў АДКБ, які пройдзе заўтра.


З Бішкека перадае наш карэспандэнт Максім Кароткін.

Сёлета саміт АДКБ Бішкек прымае не першы раз і справа не толькі ў тым, што Кыргызстан старшынствуе ў арганізацыі. Цэнтральная Азія  апошнія гады - адзін з асноўных клопатаў. Праз год кантынгент НАТА пакіне Афганістан і пра будучую бяспеку рэгіёну варта клапаціцца ўжо зараз.

Тэма пагроз удзельнікам Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы традыцыйна праходзіць чырвонай ніткай праз саміты АДКБ. Сёння пра яе гаварылі кіраўнікі МЗС, ваенных ведамстваў і сакратары Саўбезаў. Знешнепалітычныя ведамствы сур'ёзна дыскутавалі, перш чым прыняць выніковую заяву.  Кампрамісам стаў пункт погляду аб кансалідацыі намаганняў на знешніх і  ўнутраных пагрозах.

Сабраўшыся ў агульнай зале, удзельнікі саміту падпісалі 10 дакументаў, што тычацца узаемадзеяння як ваенных, так і дыпламатаў. Зрэшты, і адны, і другія часта ўжывалі тэрмін міратворчасць. Кіраўнік АДКБ прадказальна гаварыў пра ўмацаванне ваеннага складальніка арганізацыі. Яе ўдзельнікі актыўна развіваюць комплексныя сілы аператыўнага рэагавання, зараз стаіць пытанне іх аснашчэнне ўзбраеннем і ваеннай тэхнікай. У аналагічным духу сілавікі раіліся сёння  з прыцэлам на калектыўную бяспеку.

Сённяшнімі нарадамі тэма бяспекі ў рэгіёне не закрытая. Абмеркаванне тэматыкі развіцця АДКБ прадоўжыцца заўтра. У Бішкеку на сустрэчу без гальштукаў збяруцца кіраўнікі дзяржаў арганізацыі.