Высокі ўзровень плённага супрацоўніцтва. Вынікі сустрэчы Прэзідэнта і губернатара Новасібірскай вобласці

24 января 2019

Беларусь і Новасібірская вобласць гатовыя ўмацоўваць сувязі і выходзіць на новыя праекты. Сёння ў Палацы Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з губернатарам гэтага расійскага рэгіёна.

Андрэй Траўнікаў прыбыў у нашу краіну на чале прадстаўнічай дэлегацыі. Госці ўжо паспелі наведаць шэраг беларускіх прадпрыемстваў, правесці савет дзелавога супрацоўніцтва і перамовы ва ўрадзе. Прэзідэнт назваў Новасібірскую вобласць адным з найбольш перспектыўных эканамічных партнёраў для Беларусі ў Сібіры.

У аснове двухбаковых кантактаў даўнія сяброўскія і роднасныя сувязі паміж людзьмі. У Новасібірскай вобласці пражывае больш за 5 тысяч беларусаў. Многія з іх нашчадкі тых, хто калісьці асвойваў сібірскія прасторы. У рэгіёне вядуць паспяховы бізнес беларускія прадпрымальнікі. На кірмашах вялікім попытам карыстаюцца нашы прадукты, абутак, тэкстыль і мэбля.

Дзве краіны вельмі шчыльна супрацоўнічаюць ва ўсіх сферах. Больш за 8 тысяч прадпрыемстваў Беларусі і Расіі звязаныя вытворчай кааперацыяй. У нас дзейнічае больш за 3 тысячы прадпрыемстваў з расійскім капіталам.

Што тычыцца канкрэтна сібіракоў, яны разам з беларусамі ўзяліся за праекты па мадэрнізацыі гарадскога транспарту. У рэгіянальным цэнтры працуе прадпрыемства, якое ўжо абнаўляе трамвайны парк. Магчыма і арганізацыя зборкі тралейбусаў. Перад Новасібірскам стаіць задача максімальна абнавіць транспарт да 2023 года -   да моладзевага чэмпіянату па хакеі. У рэгіёне паспяхова працуюць жодзінскія самазвалы. У найбліжэйшы час у рэгіён адправіцца партыя трактароў. Вытворцы вобласці таксама зацікаўленыя ў зборцы беларускай аграрнай тэхнікі. Беларусь гатовая падключыцца да праграмы развіцця сельскай гаспадаркі ў Новасібірскай вобласці.

Улічваючы будаўніцтва Усходняга абходу горада і Паўднёва-Заходняга транзіту, дарэчы будзе вопыт нашых спецыялістаў па мадэрнізацыі дарожнай інфраструктуры. Прамыя рэгіянальныя сувязі не разбураць ніякія фэйкі.

Расійскія губернатары - частыя госці ў Беларусі. Для іх гэта магчымасць умацаваць супрацоўніцтва рэгіёнаў з нашай краінай у прамысловасці, АПК і навуцы.