Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў пачнецца 10 снежня

15 ноября 2017

Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў пачнецца 10 снежня, заявіла сёння старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына на пасяджэнні Цэнтрвыбаркама.

Працягвацца гэты этап будзе па 8 студзеня. Рэгістрацыя пройдзе з 9 па 18 студзеня. Пры гэтым ЦВК лічыць збор подпісаў найбольш эфектыўным спосабам вылучэння кандыдатаў у дэпутаты на мясцовых выбарах. І сёння падчас размовы з журналістамі старшыня Лідзія Ярмошына дала рэкамендацыі тым, хто жадае вылучацца ў мясцовыя Саветы дэпутатаў.

У Беларусі вылучэнне кандыдатаў праводзіцца традыцыйнымі спосабамі: ад палітычных партый, працоўных калектываў і ад грамадзян шляхам збору подпісаў. Дэпутатам мясцовага Савета можа быць грамадзянін Беларусі, які дасягнуў 18 гадоў, калі ён не мае судзімасці і пражывае на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйнай адзінкі або звязаны з ёй у сілу прафесійнай дзейнасці. Таксама мае права вылучацца грамадзяне Расіі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі.