Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі адбыліся. ЦВК абвясціў папярэднія вынікі народнага галасавання

18 ноября 2019

Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі адбыліся. Цэнтрвыбаркам абвясціў папярэднія вынікі народнага галасавання. Прэс-канферэнцыя сёння раніцай прайшла ў інфацэнтры ля Палацы Рэспублікі. Там працягвае працу і наш карпункт.

На сувязь са студыяй зноў выходзіць Аляксей Волкаў (прамое ўключэнне). Галоўная выснова, якую можам зрабіць з прэс-канферэнцыі Лідзіі Ярмошынай, - выбары адбыліся. Падзей, якія б значна паўплывалі на вынікі, ужо не будзе. Так што зараз рыхтуемся засыпаць новаабраных дэпутатаў пытаннямі, прапановамі, тым больш, што многія тады яшчэ кандыдаты адзначалі: будзем працаваць з людзьмі актыўна і эфектыўна. А вынікі гэтай доўгай кампаніі падвяла Лідзія Міхайлаўна Ярмошына.

Нагадаем, што новае скліканне Палаты прадстаўнікоў ужо шостага снежня збярэцца на першую сесію, як і Савет Рэспублікі. І такім чынам абноўлены Нацыянальны сход пачне працу. Але вернемся да выбараў. ЦВК упаўнаважаны заявіць, што яўка вельмі высокая - амаль 80%. Прычым, статыстыка па ўсёй краіне досыць роўная - выбары адбыліся ва ўсіх 110 выбарчых акругах. Роўна столькі ж слуг народа і ўвайшло ў Палату прадстаўнікоў. Адзначым самых, мабыць, медыйных з іх: гэта старшыня грамадскага аб'яднання "Белая Русь" Генадзь Давыдзька, "Міс Беларусь" Марыя Васілевіч, былы пасол Беларусі ў Турцыі Андрэй Савіных, Лілія Ананіч - экс-міністр інфармацыі і Валерый Міцкевіч - які займае пасаду намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Дарэчы, увесь спіс у сябе на сайце апублікаваў Цэнтрвыбаркам. Ну а мне застаецца сказаць дзякуй нашай вялікай камандзе Белтэлерадыёкампаніі. Наша выязная студыя завяршае працу, як і сам інфацэнтр.


Тэгі:

#Выборы 2019