Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання пройдуць 18 лютага 2018

14 ноября 2017

Прэзідэнт Беларусі падчас рабочай сустрэчы з Лідзіяй Ярмошынай падтрымаў прапановы Цэнтрвыбаркама па арганізацыі выбараў. На думку Аляксандра Лукашэнкі, люты - найлепшы час для правядзення важнай палітычнай кампаніі. У грамадзян і палітычных сіл будзе досыць часу на падрыхтоўку і ўсе магчымасці, гарантаваныя законам для ўдзелу ў выбарах.

Прэзідэнт таксама даручыў мясцовай уладзе і губернатарам максімальна садзейнічаць выбарчай кампаніі, асабліва пры падрыхтоўцы ўчасткаў для галасавання. Гэта дазволіць беражліва выдаткоўваць бюджэтныя сродкі і правесці кампанію на традыцыйна высокім арганізацыйным узроўні. Пры гэтым асноўны ўпор у выдатках Аляксандр Лукашэнка даручыў зрабіць на аплату працы членаў выбарчых камісій.

Выбары ў мясцовыя Саветы будуць каштаваць казне прыкладна 21 мільён беларускіх рублёў. Г.зн. бюджэт застанецца на ўзроўні выбараў 2014 года. Пры гэтым больш за 80 % сродкаў, як і раней, пойдуць на аплату працы арганізатараў выбараў, удакладніла кіраўнік Цэнтрвыбаркама. Без змен і з пункта погляду адкрытасці плебісцыту для назіральнікаў.

Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па правядзенні выбараў і рэспубліканскіх рэферэндумаў: "У нас няма такіх міжнародных абавязацельстваў запрашаць міжнародных назіральнікаў. Тым не менш Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў асаблівую ролю назірання. І сказаў, што, зразумела, з'яўляецца разумнай і неабходнай наша звычайная практыка падаваць гэтыя прэферэнцыі для вядзення кароткатэрміновага назірання ўсім замежным дыпламатам, якія акрэдытаваныя ў Рэспубліцы Беларусь. Ну, і асобныя арганізацыі, цалкам магчыма, асабліва ў галіне мясцовага самакіравання, змогуць запрасіць сваіх калег, партнёраў як замежных гасцей, у якасці экспертаў і назіральнікаў непасрэдна на дні галасавання. Асноўны, вядома, упор будзе рабіцца на нацыянальнае назіранне. Яно ў нас заўсёды з'яўляецца вельмі шматлікім. Я думаю, што палітычныя партыі, грамадскія аб'яднанні і гэтым разам не падвядуць нас і выкажуць дастатковую актыўнасць для арганізацыі назірання".

Лідзія Ярмошына таксама лічыць, што гэтая выбарчая кампанія пацвердзіць высокі ўзровень палітычнай культуры беларускага грамадства, а яўка будзе залежаць ад актыўнасці кандыдатаў у дэпутаты. Сярод іх кіраўнік Цэнтрвыбаркама разлічвае ўбачыць і прадстаўнікоў бізнесу. З іншага боку, з вопыту папярэдніх кампаній, выбары відавочна не стануць спаборніцтвам капіталу і будуць досыць чыстымі, з пункта погляду перадвыбарных тэхналогій.

Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі па правядзенні выбараў і рэспубліканскіх рэферэндумаў: "Я зазначыла, што чым больш грошай укладваецца ў фінансаванне асобных кандыдатаў, тым больш брудная выбарчая кампанія. Не думаю, што кандыдаты ў дэпутаты на выбары ў мясцовыя Саветы будуць укладваць альбо атрымліваць досыць вялікія сродкі на вядзенне перадвыбарнай агітацыі. Таму я думаю, што ў нас выбарчая кампанія будзе ў гэтым плане досыць стэрыльнай".

Заўтра Цэнтрвыбаркам мае намер зацвердзіць каляндарны план правядзення выбараў. Першым крокам традыцыйна стане фарміраванне тэрытарыяльных выбарчых камісій. Яшчэ раз нагадаем: выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання пройдуць у Беларусі 18 лютага.