Сустрэча "нармандскай чацвёркі" пройдзе ў Палацы Незалежнасці

11 февраля 2015

Галоўныя навіны сённяшняга дня будуць прыходзіць з Палаца Незалежнасці, куды пасля прыбыцця адправіцца "нармандская чацвёрка". Тут зараз працуе наша здымачная група. 

На прамую сувязь выходзіць карэспандэнт Андрэй Крывашэеў. 

Мы знаходзімся ля Палаца Незалежнасці. Менавіта тут сёння пройдзе ключавая сустрэча ў так званым "нармандскім фармаце" па вырашэнні ўкраінскага ваенна-палітычнага крызісу. Сустрэчу ўжо называюць лёсавызначальнай. У ёй возьмуць удзел лідары Расіі, Украіны, Францыі і канцлер Германіі. Іх прыбыцця мы чакаем у найбліжэйшы час.

Мінск як пляцоўка для перамоў заслужана атрымаў рэпутацыю самага дзейснага дыпламатычнага цэнтра. Таму менавіта беларуская сталіца стала пунктам, дзе збярэцца еўрапейская і сусветная дыпламатыя сёння. Нагадаю, што менавіта тут, у Палацы Незалежнасці, у жніўні ўдалося правесці паспяховы саміт у фармаце Еўразійскі Саюз - ЕС і Украіна.

Пасля гэтага кантактная група ў фармаце Расія - Украіна - АБСЕ і прадстаўнікі самаабвешчаных рэспублік выпрацавалі так званыя мінскія пагадненні. Яны прывялі да прыкметнага зніжэння баявой актыўнасці бакоў, абмену палоннымі, адкрыцця гуманітарных калідораў і пастаўкі дапамогі пацярпелым рэгіёнам. Гэта дазволіла захаваць тысячы, калі не дзясяткі тысяч жыццяў, знізіць памер гуманітарнай катастрофы і колькасць бежанцаў.

Менавіта таму большасць палітолагаў прызнаюць Мінск самай паспяховай пляцоўкай для перамоў і ўскладаюць вялікія надзеі на маючую адбыцца сустрэчу "вялікай чацвёркі": Пуцін - Парашэнка - Меркель - Аланд.

Сяргей Кізіма, загадчык кафедры Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі: "Пэўныя надзеі ёсць, таму што ў нас упершыню сумяшчэнне мінскага і нармандскага фарматаў на адной пляцоўцы. Г. зн. фактычна, калі раней спрабавалі вырашыць пытанне і ў мінскім фармаце, і ў нармандскім фармаце, то зараз ужо разам гэтыя фарматы звесці ў адно цэлае. І ў рамках аднаго фармату шукаць вырашэнне вельмі няпростых украінскіх праблем. Гэта абнадзейлівы знак".

Ганс Кехлер, прафесар філасофіі Інсбрукскага ўніверсітэта, прэзідэнт Міжнароднай арганізацыі за прагрэс (Аўстрыя): "Вельмі важна ва ўкраінскай сітуацыі з глыбокім унутраным канфліктам і ўцягнутасцю знешніх гульцоў правесці сустрэчу на нейтральнай тэрыторыі і знайсці надзейнага пасрэдніка ў канфлікце. Гэта менавіта тое, што адбываецца сёння ў Мінску. Таму Мінск стаў месцам для правядзення перамоў. Гэта складаныя перамовы, бо ідзе апасродкаваная вайна з мясцовымі акцёрамі, якія іграюць разам з вялікімі дзяржавамі за ўплыў. З аднаго боку, ёсць блок НАТА і Еўрапейскі саюз, які часам здаецца толькі яго дадаткам, з другога - Расія. Вядзецца барацьба за ўплыў і ўладу ў гэтым рэгіёне. Адбываецца некантактная вайна паміж ЗША і Расійскай Федэрацыяй чужымі рукамі".

Кантактная група актыўна працуе і апошнія двое сутак. Пакуль інфармацыя супярэчлівая. Адны інфармагенцтвы, спасылаючыся на свае крыніцы, заяўляюць, што бакі ўжо ўзгаднілі рэжым спынення агню, адвод цяжкага ўзбраення і кантроль за гэтым. Другія СМІ спасылаюцца на заявы прадстаўнікоў ДНР і ЛНР у Мінску пра тое, што прадстаўнікам Кіева перададзены комплексны ваенна-палітычны план урэгулявання.

Што чакаюць журналісты, эксперты і палітыкі ад сённяшняга саміту? Тут таксама шмат супярэчлівых звестак. З аднаго боку гучалі заявы ў тым ліку і ад прэзідэнта Францыі, што ў Мінску можа быць выпрацаваная "дарожная карта" па вырашэнні канфлікту на аснове дапрацаваных пагадненняў мінулага года. У прыватнасці, стварэнне дэмілітарызаванай зоны ад 40 да 70 кіламетраў і статус шырокай аўтаноміі для Данбаса.

Больш асцярожныя палітыкі і эксперты заяўляюць, што добрым рашэннем сёння магло б стаць поўнае спыненне агню, адвод цяжкай артылерыі з пазіцый і пачатак прамых перамоў прадстаўнікоў Кіева, Данецка і Луганска.

Разам з калегамі мы працягваем сачыць за падрыхтоўкай да мінскага саміту тут, у Палацы Незалежнасці.