Магчымасці для пашырэння супрацоўніцтва Мінска і Будапешта абмеркавалі ў Палацы Незалежнасці

5 июня 2020
Беларусь і Венгрыя маюць намер падняцца на новую прыступку ў развіцці адносін. Гэтаму будзе спрыяць афіцыйны візіт прэм'ер-міністра Венгрыі ў нашу краіну. Сёння Аляксандр Лукашэнка правёў перамовы з Віктарам Орбанам у Палацы Незалежнасці. Гэта першы візіт такога ўзроўню пасля працяглай паўзы, выкліканай пандэміяй. Аб яго высокай планцы гаворыць статус госця: у сваёй краіне Віктар Орбан - ключавая палітычная фігура.


Беларусь - Венгрыя: пункты судакранання


Адносінам Мінска і Будапешта - амаль тры дзясяткі гадоў. У краін нямала пунктаў судакранання. Але дасягнуты ўзровень кантактаў нядосыць высокі, пагадзіліся лідары. І ў палітыцы, і ў эканоміцы партнёры нацэленыя ўмацоўваць двухбаковыя сувязі. Лідары ўзаемна заявілі пра несумнеўныя перспектывы супрацоўніцтва і магчымасці падтрымаць той уздым у адносінах, які азначыўся ў апошнія гады. Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў важнасць вяртання да фармату асабістых зносін паміж еўрапейскімі краінамі. 


Беларусь - ЕС: умацаванне супрацоўніцтва


Венгрыя - блізкі для нас партнёр у ЕС, а Беларусь зацікаўленая ва ўмацаванні адносін еўрапейскай і еўразійскай інтэграцый. Адносіны афіцыйнага Мінска з аб'яднанай Еўропай на ўздыме, і ў гэтым таксама асабістая заслуга Віктара Орбана, зазначыў Прэзідэнт. Краіны збліжае падабенства палітычных поглядаў першых асоб. Асабістая сустрэча - гэта магчымасць зверыць пазіцыі ў шматлікіх аспектах рэгіянальнага і сусветнага парадку дня, актывізаваць эканамічныя сувязі. 

Заўважым, што Венгрыя будуе атамную станцыю накшталт беларускай. Яе ядзерным сэрцам стануць расійскія рэактары, аналагічныя тым, што ўсталяваныя ў Астраўцы. І Беларусь гатовая дзяліцца сваім вопытам у гэтай сферы. Таксама краіны гатовыя развіваць прамысловае партнёрства. Яркі таму прыклад - пастаўкі ў Венгрыю цягнікоў “Штадлер". Сёлета падпісана новае пагадненне: у Будапешт адправяцца 40 саставаў. Партнёры разлічваюць на стабільны прырост узаемнага гандлю - да пяцісот мільёнаў еўра. Гэта амаль у два разы больш. Прэзідэнт нацэліў  дасягнуць такога ўзроўню ў наступныя некалькі гадоў.