Пытанне аб узаемным прызнанні віз паміж Беларуссю і Расіяй можа быць вырашанае да канца года

17 ноября 2017

Праект адпаведнага міжурадавага пагаднення ў высокай ступені гатоўнасці, паведаміў сёння Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Рыгор Рапота. Тэма адзінай візавай палітыкі стала ключавой на пасяджэнні Групы высокага ўзроўню Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы. Яно прайшло сёння ў Мінску.

Пагадненне ўрэгулюе шэраг пытанняў адносна парадку пяцідзённага бязвізавага ўезду замежнікаў у Беларусь. А таксама транзітнага праезду грамадзян трэціх краін у Расію праз Беларусь і ў зваротным кірунку. 

Рыгор Рапота, Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі:

"Калі міністэрствы замежных спраў - яны асноўныя выканаўцы гэтага даручэння - падрыхтуюць дакумент да пасяджэння Саўміна Саюзнай дзяржавы, то ён будзе падпісаны ў Гомелі. Калі не, то будзе падпісаны ў іншым месцы. Урэшце, гэта не прынцыпова. Галоўнае, каб ён быў падпісаны, гэта вельмі важна. Самае галоўнае - ёсць разуменне абодвух бакоў, што гэта трэба рабіць. Гэта важна для камфортнага суіснавання ў рамках Саюзнай дзяржавы дзвюх краін".

Сёння бакі таксама ўзгаднілі парадак Саюзнага Саўміна. На пасяджэнні ў Гомелі плануюць разгледзець два дзясяткі пытанняў. Ад гандлёвага ўзаемадзеяння, стварэння роўных умоў канкурэнцыі да арганізацыі будучага форуму рэгіёнаў дзвюх краін. Абмяркуюць і культурныя праекты, у прыватнасці, сумесны ўдзел у далейшай рэканструкцыі Брэсцкай крэпасці.