У Фларэнцыі адкрылася ганаровае консульства Беларусі

19 июня 2013

Ганаровую місію прадстаўляць інтарэсы Беларусі ў самым элітным рэгіёне Італіі даручылі вядомаму бізнесмену Марка Бачы.


Чаму на ўрачыстым адкрыцці гасцей частавалі выключна віном, ведае Кацярына Бірэцкая. Вядомы італьянскі бізнесмен Марка Бачы гэтага моманту чакаў два гады. Менавіта столькі часу спатрэбілася на тое, каб у яшчэ адным рэгіёне Італіі адкрылася дыппрадстаўніцтва нашай краіны. Хоць крыху пазней у інтэрв'ю нашаму каналу зараз ужо афіцыйна ганаровы консул Беларусі ў Фларэнцыі прызнаецца: пра гэта ён марыў з самага першага дня знаёмства з нашай краінай.


Марка Бачы, ганаровы консул Беларусі ў Таскане: Я нарадзіўся ў Фларэнцыі, я жыву ў Фларэнцыі, і калі я пазнаў гэты вялізны свет пад назвай Беларусь, мне захацелася прынесці ў Фларэнцыю кавалачак гэтай Беларусі. У вас вельмі моцная эканоміка, Італіі цікавая ваша дрэваапрацоўчая і цяжкая прамысловасць, сельская гаспадарка і шмат-шмат іншае. Адным словам, усяму, што будзе выклікаць узаемную цікавасць, будзе сказана Сардэчна запрашаем.


Хоць, калі сумленна казаць, у гэты рэгіён Італіі Беларусь завітала ўжо даўно. Пачалося ўсё з аздараўлення нашых дзяцей, гэта значыць, з выключна гуманітарнага супрацоўніцтва. Але фактычна адразу падцягнуўся бізнес і прамысловыя гіганты.


Раберта Гоці, афіцыйны дылер БМЗ: Я ўжо 18 гадоў займаюся дыстрыбуцыяй, рэалізацыяй прадукцыі беларускага металургічнага завода ў Італіі, і з самага першага дня менавіта якасць гэтай прадукцыі і сур'ёзнасць беларускіх партнёраў былі адметнай рысай. Гэта важна, і я магу гэта сказаць пасля васямнаццаці гадоў працы з Рэчыцкім заводам вырабаў з металу, з БМЗ, з Магілёвам - італьянскія кліенты хочуць атрымліваць беларускую якасць….


І да таго ж, не супраць інвесціраваць у пэўныя вытворчыя бізнес-праекты ў гэтай сферы. Тым больш, што вопыт нядрэнны і цікавасць узаемная. Італьянскі рэгіён Таскана ва ўсім свеце вядомы яшчэ і як прамысловы рэгіён. Гэта і металургія, і хімія, і нафтахімія. Плюс да ўсяго - гэта яшчэ і свайго роду Мека ювелірнай вытворчасці.


У той жа час не варта забывацца на турызм - першыя аграсядзібы тут з'явіліся яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя - і, вядома ж, сельская гаспадарка. І ўжо сапраўды асобная гутарка - вінаробства. А вось у гэтым пытанні можна і зусім напроста працаваць з ганаровым консулам. Бо невыпадкова гасцей падчас урачыстага адкрыцця частавалі выключна віном. Напоі, якія выпускаюць прадпрыемствы Марка Бачы, як высветлілася, вядомыя сёння ўжо ва ўсім свеце.