У Палацы Рэспублікі ідзе дыскусія ў фармаце "свабоднага мікрафона"

22 июня 2016

Найважнейшая грамадска-палітычная падзея года - V Усебеларускі народны сход праходзіць сёння ў Мінску. Наша краіна здольная абараніць свой суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць - аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі, выступаючы з дакладам на маштабным форуме, які ў гэтыя хвіліны працягвае сваю працу. За апошнія гады прыняты меры па гарантаванні памежнай бяспекі краіны, ствараецца інтэграваная сістэма аховы мяжы, укараняюцца сучасныя ўзоры ўзбраення і тэхнікі: усё гэта - вынікі мінулай пяцігодкі. У прыярытэце, па-ранейшаму - захаванне міру.

Асобным блокам у дакладзе Кіраўніка дзяржавы стала эканоміка. За мінулыя пяць гадоў у гэтай сферы зроблена нямала: мадэрнізаваны базавыя галіны эканомікі, завяршаецца тэхнічнае абнаўленне дрэваапрацоўчых вытворчасцяў краіны, асвоена серыйная вытворчасць легкавых аўтамабіляў, выпушчаны самы буйны самазвал грузападымальнасцю 450 тон - і гэта далёка не ўсе паспяховыя праекты. У прыярытэце на наступныя пяць гадоў - пераход да зялёных тэхналогій і эканомікі ведаў, але ўсе змены павінны праходзіць шляхам эвалюцыі, а не шокавай тэрапіі.

Першы дзень працы найважнейшага форуму ў жыцці краіны завершыцца ўжо меней чым праз гадзіну. Нагадаем, маштабны дыялог вызначыць лёс краіны на найбліжэйшыя пяць гадоў. У гэтыя хвіліны ў Палацы Рэспублікі працягваецца дыскусія ў фармаце "свабоднага мікрафона" - удзельнікі Усебеларускага народнага сходу абмяркоўваюць тэзісы праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны да 2020-га года. Удзельнікі народнага форуму прадстаўляюць усе вобласці Беларусі. Гэта людзі самых розных прафесій і сацыяльных груп. На Усебеларускі сход запрошаны і госці з 55-ці краін.