Уладзімір Макей выступіў на пленарным пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў дзяржаў - удзельнікаў АБСЕ

3 декабря 2015

Бяспека, давер і кансалідацыя. Менавіта на гэтых трох ключавых апорах, на думку афіцыйнага Мінска, павінна будавацца перспектыўнае ўзаемадзеянне на пляцоўцы Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Сёння кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Беларусі Уладзімір Макей выступіў на пленарным пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў дзяржаў - удзельнікаў АБСЕ, што праходзіць у Бялградзе.

На думку Уладзіміра Макея, неабходна аднавіць стратэгічны кансэнсус у дачыненні да агульных мэтаў і прынцыпаў супрацоўніцтва.

"АБСЕ, на жаль, не адышла ад блокавага мышлення. У міждзяржаўных адносінах па-ранейшаму дамінуе права сілы, супрацьстаянне, санкцыённае мышленне, - канстатаваў міністр. - Дыпламатыя адыходзіць на другі план. Поспех вымяраецца шкодай, нанесенай апаненту, а не вырашэннем праблемы".

"Нашы грамадзяне чакаюць ад нас хуткіх і рашучых дзеянняў, - падкрэслівае Уладзімір Макей. - АБСЕ з'яўляецца менавіта тым рэгіянальным фарматам і інструментам, які здольны забяспечыць эфектыўнае аб'яднанне намаганняў дзяржаў-удзельнікаў па рэагаванні на агульныя выклікі і пагрозы".

Беларусь гатовая дзяліцца вопытам і нарошчваць свой уклад у агульныя намаганні краін АБСЕ ў барацьбе з тэрарызмам, нелегальнай міграцыяй і падтрымку мірнага працэсу ва Украіне. Словам, у гарантаванне бяспекі і стабільнасці Еўропы.