Уладзімір Макей пракаменціраваў заяву Казахстана аб пераносе перагаворнай пляцоўкі

19 января 2018

"Перамовы па Украіне можна перанесці хоць у Антарктыду, калі будзе ўпэўненасць у іх поспеху", - так кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей пракаменціраваў заяву лідара Казахстана па выніках яго сустрэчы з прэзідэнтам ЗША аб магчымым пераносе перагаворнай пляцоўкі з Мінска.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: "Варта нагадаць: не Беларусь напрошвалася ў якасці пляцоўкі для правядзення перамоў па Украіне, а кіраўнікі краін "нармандскай чацвёркі" выказалі просьбу да Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі прыняць у сябе ўдзельнікаў сустрэч па ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту.

У адрозненне ад іншых Беларусь за лаўрамі міратворца не гоніцца. Але гэта канфлікт у нашай сям'і, у нашым рэгіёне. І мы кроўна зацікаўленыя ў яго вырашэнні. Мы не ўдзельнікі перамоў, але Прэзідэнт Беларусі неаднаразова прапаноўваў розныя варыянты ўрэгулявання гэтага крызісу, у тым ліку гатоўнасць забяспечыць кантроль беларускімі міратворцамі расійска-ўкраінскай мяжы і лініі судотыку".

Дарэчы, літаральна ўчора, падводзячы вынікі чарговага пасяджэння ў Мінску, спецпрадстаўнік АБСЕ Марцін Сайдзік падкрэсліў, што "трохбаковая кантактная група застаецца адзіным пастаянным фарматам па ўрэгуляванні канфлікту на ўсходзе Украіны".

Сёння ў МЗС ФРГ адзначылі, што  важным з'яўляецца дасягненне прагрэсу ў выкананні мінскіх дамоўленасцяў. Як заявіў на брыфінгу ў Берліне прадстаўнік ведамства Райнер Бройль: "Я не хачу ацэньваць асобныя прапановы. Для нас важна тое, што дапамагае прасунуцца наперад ва ўрэгуляванні, і другарадна тое, дзе гэта будзе праходзіць".