Уладзімір Макей і Сяргей Лаўроў прынялі ўдзел у пасяджэнні штогадовай калегіі знешнепалітычных ведамстваў

22 ноября 2016

Зверылі пазіцыі па актуальным двухбаковым і міжнародным парадку дня сёння і ў Мінску. Уладзімір Макей і Сяргей Лаўроў прынялі ўдзел у пасяджэнні штогадовай калегіі знешнепалітычных ведамстваў. Абмяркоўвалі шырокі спектр пытанняў, у тым ліку ўзаемадзеянне на сусветнай арэне і кантакты з Еўрасаюзам, а таксама працу ў інтэграцыйных аб'яднаннях. Кранулі і праблематыку сумеснай барацьбы са спробамі перагляду вынікаў Другой сусветнай.

Падрабязнасці - у Юрыя Казлова.

Парадак пасяджэння калегіі МЗСаў Беларусі і Расіі традыцыйна шырокі. Ад барацьбы са спробамі фальсіфікацыі гісторыі да зверкі пазіцый у знешняй палітыцы. Як адзначыў кіраўнік беларускага МЗС, гэты год быў насычаны неадназначнымі падзеямі, многія з якіх кідаюць выклік нацыянальнай бяспецы.

Пагаршае сітуацыю і дэфіцыт даверу і гатовасці да кампрамісаў, які назіраецца ў апошні час на сусветнай арэне, падкрэсліў Уладзімір Макей. У цэлым бакі ахарактарызавалі адносіны паміж краінамі як даверныя. У большасці пытанняў знешняй палітыкі пазіцыі Беларусі і Расіі супадаюць, канстатавалі дыпламаты.

Сяргей Лаўроў, Міністр замежных спраў Расіі: "Мы ўмовіліся нарошчваць высілкі ў мэтах умацавання ролі сусветнай арганізацыі як цэнтра каардынацыі дзеянняў дзяржаў у інтарэсах падтрымання міжнароднага міру і стабільнасці і эфектыўнага рашэння розных праблем сучаснасці - глабальнага і рэгіянальнага маштабу".

Гаварылі і пра супрацоўніцтва з Еўрасаюзам. У лютым ЕС адмяніў санкцыі, якія дзейнічалі ў дачыненні да Беларусі даволі доўгі час. Тым не менш Уладзімір Макей заявіў, што, нягледзячы на некаторы прагрэс, да поўнай нармалізацыі адносін з Бруселем яшчэ далёка. Сяргей Лаўроў, у сваю чаргу, падзякаваў Беларусі за тое, што пры развіцці адносін з Еўрасаюзам і НАТА наша краіна заўсёды ўлічвае абавязацельствы, узятыя на сябе ў рамках Саюзнай дзяржавы.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: "Беларусь працягне абараняць пазіцыі аб недапушчальнасці прымусу краін-партнёраў да выбару паміж еўразійскай і еўрапейскай інтэграцыяй. Зыходзім з таго, што Еўрасаюзу неабходна ўлічваць інтарэсы суседзяў, сумежных з краінамі "Усходняга партнёрства" дзяржаў, уключаючы Расію".

Што датычыцца працы Еўразійскага эканамічнага саюза, то тут міністры спрабавалі выпрацаваць фармат дыялогу з дзяржавамі Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна, якія дэманструюць цікавасць да гэтага аб'яднання. Пасля размова можа ісці і пра стварэнне зоны свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і краінамі АСЕАН.

Сяргей Лаўроў, Міністр замежных спраў Расіі: "Ідзе працэс узгаднення дамоўленасцяў з Кітайскай Народнай Рэспублікай аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Еўразійскі эканамічны саюз таксама займаецца пытаннямі спалучэння сваіх інтэграцыйных планаў і кітайскай ініцыятывы "Эканамічны пояс Шаўковага шляху". І ў ходзе палажэнняў сумеснай заявы прэзідэнтаў Пуціна і Лукашэнкі ад 15 снежня мінулага года пацвердзілі нашу прынцыповую і паслядоўную лінію на карысць фарміравання адзінай эканамічнай і гуманітарнай прасторы ад Атлантыкі і Ціхага акіяна".

Дыпламаты гаварылі не толькі аб высокай палітыцы. Абмяркоўвалі і рэчы больш жыццёвыя накшталт праблем пры перасячэнні грамадзянамі трэціх краін унутранай мяжы Саюзнай дзяржавы і спекуляцый з нагоды паставак беларускай прадукцыі ў Расію.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: "Калі імпартны тавар прайшоў некаторую ступень перапрацоўкі на тэрыторыі Беларусі, то ён можа пастаўляцца на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза".

Таксама на пасяджэнні ў Мінску дыпламаты абмеркавалі працу па дасягненні мэт ААН у галіне ўстойлівага развіцця, чарнобыльскія ініцыятывы і ўзаемадзеянне Беларусі і Расіі ў рамках МАГАТЭ - апошні пункт сёння асабліва важны ў кантэксце будаўніцтва Беларускай АЭС.