Уладзімір Макей: Беларусь выступае за збліжэнне ЕС і Еўразійскага эканамічнага саюза

1 октября 2018

Маючы выгадны транзітны патэнцыял, Беларусь выступае за збліжэнне ЕС і Еўразійскага эканамічнага саюза. Гэта з трыбуны Генасамблеі ААН заявіў міністр замежных спраў краіны Уладзімір Макей. Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства адзначыў, што, знаходзячыся ў складзе ЕАЭС, Беларусь зацікаўлена ў інтэнсіўным эканамічным узаемадзеянні з Еўрасаюзам.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: "З-за свайго геаграфічнага становішча Беларусь асабліва зацікаўлена ў збліжэнні Еўразійскага эканамічнага і Еўрапейскага саюзаў, бо наша заходняя мяжа, па сутнасці, застаецца адзінай эканамічнай мяжой на прасторы паміж Лісабонам і Уладзівастокам, а ў перспектыве, можа быць, і Шанхаем. Таму Беларусь паслядоўна прасоўвае ідэю інтэграцыі інтэграцый як прынцыпу супрацоўніцтва, арыентаванага на сумесны пошук аптымальных шляхоў аб'яднаўчага эканамічнага росту і ўстойлівага развіцця".

У цэлым Уладзімір Макей прысвяціў сваё выступленне крызісу даверу на міжнароднай арэне. На думку міністра, краіны павінны будаваць адносіны на базе агульных каштоўнасцяў. Дыпламат таксама нагадаў удзельнікам Генасамблеі аб ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, выказанай летась у Мінску ў рамках сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Размова ідзе пра "Хельсінкі-2" (як яго назвалі ў прэсе): новы маштабны дыялог па міжнароднай бяспецы.