Уладзімір Макей: "Беларусь і Аўстрыя выступаюць за будаўніцтва ў Еўропе мастоў, а не новых падзяляльных ліній"

15 января 2019

Беларусь і Аўстрыя выступаюць за будаўніцтва ў Еўропе мастоў, а не новых падзяляльных ліній. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў нашай краіны па выніках перамоў з Федэральным міністрам па пытаннях Еўропы, інтэграцыі і замежных спраў Аўстрыі Карын Кнайсль. Паводле слоў Уладзіміра Макея, беларускі бок разглядае візіт Кнайсль, як працяг пазітыўнага дыялогу і дынамікі развіцця двухбаковых адносін.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: "Аўстрыя сёння ўтрымлівае лідзіруючыя пазіцыі аднаго з вядучых інвестыцыйных партнёраў Беларусі і адыгрывае важную ролю ў мадэрнізацыі цэлага шэрагу галін эканомікі нашай краіны. Павінен сказаць, што шмат у чым нашы пазіцыі падобныя. Нашы краіны зыходзяць з неабходнасці зніжэння канфрантацыі і ўмацавання стабільнасці ў нашым рэгіёне і ў свеце ў цэлым. Мы зыходзім з філасофіі будаўніцтва мастоў, а не новых падзяляльных ліній у Еўропе".

Карын Кнайсль, Федэральны міністр па пытаннях Еўропы, інтэграцыі і замежных спраў Аўстрыі: "У нас адбылася інфармацыйная і канструктыўная размова. Летась падчас нашага старшынства ў Еўрасаюзе адным з пунктаў судакранання стала "Усходняе партнёрства". Прыкладам гэтага супрацоўніцтва летась стаў форум "Мінскі дыялог. Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх", што прайшоў у беларускай сталіцы ў маі. Аўстрыя заўсёды падтрымлівае Мінск як месца правядзення такіх мерапрыемстваў, і сёлета мы адзначым 10-годдзе "Усходняга партнёрства". Я хачу выказаць Беларусі павагу за пазіцыю стратэгічную ў адносінах паміж Усходам і Захадам".

І сёння Уладзімір Макей і Карын Кнайсль урачыста адкрылі новы офіс пасольства Аўстрыі ў Беларусі. У будынку будзе размешчана таксама эканамічнае прадстаўніцтва рэспублікі.