Венгрыя падтрымлівае ўзмацненне супрацоўніцтва Мінска з Еўрапейскім саюзам

22 июня 2017

На сустрэчы міністра замежных спраў Беларусі з венгерскім калегам была адзначана сімвалічнасць старшынства нашай краіны ў ЦЕІ, бо Беларусь з'яўляецца часткай Еўразійскага эканамічнага саюза і ў той жа час развівае ўзаемаадносіны з еўрапейскімі партнёрамі.

Петэр Сіярта, Міністр замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі: "Калі мы ацэнім усе агульныя дасягненні вашай краіны за апошні час, яны вельмі значныя. Мы вельмі паважаем і цэнім гэтыя вынікі і таксама імкнемся падштурхнуць агульны еўрапейскі інстытут ЕС да таго, каб гэтыя дасягненні былі годна ацэненыя. Мы вельмі рады, што частка санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі была знятая, мы вельмі вітаем гэты працэс. Мы падтрымліваем працэс спрашчэння візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС. Таксама мы хочам, каб ЕС прымаў больш актыўны ўдзел у фінансаванні - прыцягненні сродкаў з фондаў для развіцця эканомікі Беларусі. Мы таксама, гледзячы на вашы дасягненні ў эканоміцы, падтрымліваем пасоўванне Беларусі ў перамовах па членстве ў СГА".

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: "Мы бачым сістэмны падыход Венгрыі да далейшага развіцця знешнеэканамічнай стратэгіі "Адкрыццё на Усход" і вітаем настрой на інтэнсіфікацыю адносін з Рэспублікай Беларусь. Па ўсіх пытаннях у нас дасягнута абсалютна поўнае паразуменне, мы бачым, па якіх напрамках нам трэба рухацца далей. І я ўдзячны спадару Сіярта за адкрыты, шчыры і вельмі канструктыўны абмен меркаваннямі. І я хацеў бы запэўніць яго, што з боку Беларусі будзе такі ж падыход да нашага двухбаковага і шматбаковага супрацоўніцтва з Венгрыяй".

Галоўнымі тэмамі перамоў міністраў замежных спраў Беларусі і Венгрыі сталі эканоміка і развіццё ўзаемавыгадных гандлёва-эканамічных і інвестыцыйных сувязяў. Бакі падпісалі другую праграму супрацоўніцтва паміж МЗС на два гады.