"Вялікі камень" будзе вызначальным у паспяховай рэалізацыі ініцыятывы "Адзін пояс і адзін шлях" на глабальным узроўні

27 мая 2018

Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень" будзе вызначальным у паспяховай рэалізацыі ініцыятывы "Адзін пояс і адзін шлях" на глабальным узроўні. Аб гэтым сёння заявіў намеснік старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Ван Цішань. Ён прыбыў сёння ў Беларусь з першым замежным афіцыйным візітам на гэтай пасадзе. Што падкрэслівае асаблівы статус Беларусі ў якасці стратэгічнага партнёра Кітая. Па прылёце госць правёў сустрэчу з прэм'ер-міністрам Беларусі Андрэем Кабяковым, а таксама наведаў індустрыяльны парк "Вялікі камень". Віцэ-старшыня КНР азнаёміўся з работай некалькіх аб'ектаў парка, у тым ліку гандлёва-выставачнага цэнтра, дзе рэзідэнты "Вялікага каменя" прэзентавалі сваю інавацыйную прадукцыю: беспілотнікі, супрацьпажарных робатаў, а таксама міні-мадэлі беларуска-кітайскіх трактароў. Адміністрацыя парка ў размове з госцем выступіла з ініцыятывай стварыць "зялёны калідор" для грузаў з Кітая ў Еўропу ў рамках праекта "Адзін пояс і адзін шлях".

Гаворачы аб перспектывах найбуйнейшага сумеснага праекта дзвюх краін - Ван Цішань адзначыў, што інвестыцыі ў "Вялікі камень" трэба павялічваць. "У Кітаі шмат паркаў, у свеце "Вялікі камень" - адзін. Ён павінен быць паспяховым", - сказаў намеснік старшыні КНР.

Афіцыйны візіт падоўжыцца па 29 мая. Запланавана сустрэча з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама перамовы з прэм'ер-міністрам Андрэем Кабяковым у пашыраным складзе.